Крымчанін выйшаў на п'едэстал па залаты медаль са сцягам Украіны

21-гадовы ўраджэнец Крыма Андрэй Говараў перамог на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем на турніры ў італьянскім Мілане.

21.03.2014 / 13:13

На п'едэстал ён падняўся з украінскім сцягам, на якім было напісана слова «PEACE» («мір»).

«Я лічу, што ўсе ўкраінцы, у тым ліку і спартсмены, павінныя выкарыстоўваць усе свае магчымасці, каб падтрымаць краіну ў такі цяжкі час», — сказаў трэнер Андрэя Говарава Канстанцін Карташоў.

Адзначым, што Говараў з Крыма з'ехаў трэніравацца ў Днепрапятроўск, а пазней у спартыўны клуб у Італіі. Яго родныя і цяпер жывуць у Севастопалі.

Андрэй — член зборнай каманды Украіны па плаванні, майстар спорту міжнароднага класа, двухразовы чэмпіён Першых юнацкіх Алімпійскіх гульняў у Сінгапуры, двухразовы рэкардсмен Еўропы сярод юніёраў. На апошнім сусветным форуме, які мінулым летам прайшоў у іспанскай Барселоне, ён прабіваўся ў фіналы, але абмежаваўся пятым месцам.