Аўстралія мае намер аднавіць пошукі на месцы падзення Boeing-777
15.08.2014 / 17:12
Аўстралійскія эксперты плануюць аднавіць пошукавыя працы і расследаванне абставінаў крушэння малайзійскага Boeing-777 у Данецкай вобласці.
Пра гэта прэм'ер-міністр Аўстраліі Тоні Эбат паведаміў украінскаму лідару Пятру Парашэнку падчас тэлефоннай размовы, паведамляецца на сайце прэзідэнта Украіны.
Па словах Эбата, місія Аўстраліі мае намер вярнуцца ў Данецкую вобласць, калі будзе «адноўлены мір і стабільнасць у рэгіёне». Пры гэтым прэм'ер выказаў надзею, што «гэта наступіць у бліжэйшы час».
Таксама Эбат адзначыў, што Аўстралія гатовая аказаць падтрымку пацярпелым ў выніку баявых дзеянняў і дапамагчы ў аднаўленні Данбаса. Лідары дзвюх дзяржаў таксама дамовіліся аб адкрыцці амбасады Аўстраліі ва Украіне, якое павінна адбыцца ў бліжэйшы час.