Лукашэнка пенсіі атрымліваць не будзе

30 жніўня кіраўнік дзяржавы адзначыў 60-годдзе. Але дзяржслужачыя не маюць права на пенсію, пакуль працуюць.

31.08.2014 / 00:38

У Беларусі для мужчын 60 гадоў — гэта ўзрост выхаду на пенсію. Але аказваецца, што Аляксандр Лукашэнка хоць і дасягнуў пенсійнага веку, але не зможа скарыстацца ўсімі выгодамі.

«У дзяржслужачых пенсія налічваецца за выслугу гадоў, — патлумачылі «Нашай Ніве» ў адным з упраўленняў сацыяльнай абароны насельніцтва. — Яны павінны адпрацаваць на дзяржаўнай пасадзе не менш за 20 гадоў спецыяльнага стажу і не менш за 2 гады пасля 1 сакавіка 1994. Калі стажу 20 гадоў няма, права выхаду на пенсію па выслузе гадоў дзяржслужачы не мае».

Аляксандр Лукашэнка заступіў на дзяржслужбу ў ліпені 1994-га, калі быў абраны першым прэзідэнтам Беларусі. І сёлета ў яго ёсць усе падставы, каб адысці ад спраў, атрымліваць высокую пенсію дзяржслужачага, а не шарагоўца, і ні пра што не дбаць.

Але пакуль ён будзе заставацца на дзяржпасадзе, пенсію атрымліваць не можа. І жыць будзе толькі на заробак.

У адрозненне ад пенсіянераў, якія працуюць у іншых сферах: яны акрамя поўнага заробку атрымліваюць і пенсію па абмежаваным каэфіцыенце.

Сяргей Макарэвіч