У Кітаі уйгурскага навукоўца прысудзілі да пажыццёвага зняволення за сепаратызм

23.09.2014 / 17:36

Суд у Кітаі вынес рашэнне, што былы прафесар Пекінскага універсітэта, крытык палітыкі Кітая ў дачыненні да уйгурскай меншасці Ільхам Тахці правядзе рэшту жыцця за кратамі.

Прычынай такога прысуду сталі абвінавачванні ў сепаратызме, навуковец быў затрыманы ў студзені разам з сямю сваімі вучнямі.

Па версіі ўладаў, Тахці датычны да дзейнасці па звяржэнні кітайскага кіравання ў Сіньцзяне. Гэтая правінцыя з'яўляецца радзімай для каля васьмі мільёнаў уйгураў, большасць з якіх паводле веравызнання з'яўляюцца мусульманамі. Яны скардзяцца на пераследы з боку Пекіна.

Сам навуковец на судзе ў сталіцы заходняй правінцыі Сіньцзян Урумчы заявіў, што не прызнае сваёй віны, яго адвакат кажа, што «напэўна будзе падаваць апеляцыю». ЗША і Еўрасаюз заклікалі ўлады Кітая вызваліць Ільхама Тахці.