Мілінкевіч паслам: падтрымайце Фінькевіча

З просьбай выступіць у абарону аднаго зь лідэраў незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Артура Фінькевіча зьвярнуўся 17 сьнежня да паслоў замежных краінаў Аляксандар Мілінкевіч. Сам палітык 20 сьнежня мае прыехаць у Магілёўскі абласны суд для назіраньня за працэсам.

18.12.2007 / 13:35

З просьбай падтрымаць аднаго зь лідэраў незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Артура Фінькевіча зьвярнуўся 17 сьнежня да паслоў замежных краінаў Аляксандар Мілінкевіч.

7 чэрвеня Артуру Фінькевічу, які сядзіць за нанясеньне палітычных графіці, было адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні, а 20 снежня ў Магілёўскім гарадскім судзе распачнецца новы працэс. А. Фінькевічу прад'яўлена абвінавачанне паводле арт. 415 КК (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежаваня волі). Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

«Артур Фінькевіч — гэта высокамаральны малады чалавек, які прыкладае вялікія намаганні для выхоўвання моладзі ў духу патрыятызму, павагі да нацыянальных традыцый, роднай мовы, культуры і гісторыі, — піша ў сваім звароце А.Мілінкевіч. — Ён апынуўся за кратамі толькі за тое, што скарыстаўся сваім неад'емным правам на свабоду выказвання сваіх меркаванняў».

А. Мілінкевіч просіць урады краін, якія прадстаўляюць дыпламаты, «праявіць салідарнасць з Артурам Фінькевічам і з усімі іншымі беларускімі палітычнымі зняволенымі», «прыняць адпаведныя захады дзеля ўздзеяння на ўлады Беларусі з мэтай поўнага і безагаворкавага вызвалення палітычных вязняў і спынення палітычных рэпрэсій у Беларусі».

Палітык з'яўляецца старшынёй грамадскага камітэта па вызваленні А.Фінькевіча.

Як паведаміў БелаПАН А. Мілінкевіч, 20 снежня ён плануе прыехаць у Магілёўскі абласны суд для назірання за працэсам.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН