На Марсе адшукалі страчаны 12 год таму касмічны апарат

Марсіянскі пасадачны модуль «Бігль-2», што паспяхова сеў на Марс 25 снежня 2003 года, лічыўся страчаным да 16 студзеня 2014 года, перадае The Telegraph.

16.01.2015 / 16:15

«Бігль-2» з актыўнай роба-рукой. Малюнак beagle2.com

Спецыялісты NASA адшукалі «Бігль-2» на здымках камеры HiRISE, што ўсталяваная на борце міжпланетнай аўтаматычнай станцыі Mars Reconnaissance Orbiter.

«Бігль-2» паспяхова прызямліўся на Марс у межах місіі Еўрапейскага касмічнага агенцтва «Марс-Экспрэс». Але пасля пасадкі апарат не выйшаў на сувязь.

Аб недасканаласці апарату папярэджвалі перад запускам: падчас выпрабаванняў пасадачныя паветраныя падушкі разарваліся, канструкцыю прыйшлося перарабляць за месяц да палёту, ад якога нават былі гатовыя адмовіцца. Але як паказалі здымкі HiRISE, пасадачная сістэма выдатна спрацавала: апарат удала сеў на раўніне Ізіды. Не спрацаваў матор, што мусіў раскрыць сонечныя панэлі, а без раскрытых панэляў радыёантэна не змагла пачаць працу.

«Бігль-2» мусіў прапрацаваць на Марсе 180 дзён. Ён быў прызначаны для даследавання геалогіі, клімату і мінералогіі, а таксама пошукаў жыцця на Марсе. Праект фінансаваўся ў асноўным з прыватных крыніц. Стваральнік апарату астрафізік Колін Пілінджэр звярнуўся па стварэнне дызайну да багацейшага ў свеце мастака Дэм’ена Хёрста. Рок-гурт Blur напісаў мелодыю, якую «Бігль-2» мусіў прайграць пры пасадцы.

Аляксандр Арсёнаў