Расія адмовіцца ад Месяца?

Экспертная рада Дзмітрыя Рагозіна раскрытыкавала амбіцыёзныя планы «Раскосмаса» па стварэнні месяцовага карабля і звышцяжкай ракеты, пішуць «Известия».

21.01.2015 / 16:57

Фота: theepochtimes.com

Па даручэнні віцэ-прэм’ера Расійскай Федэрацыі Дзмітрыя Рагозіна экспертная рада Ваенна-прамысловага комплексу разглядзела праект федэральнай касмічнай праграмы Расіі на бліжэйшае дзесяцігоддзе.

Паводле праграмы, пілатаваны палёт на Месяц і арганізацыя месяцовай базы планаваліся на бліжэйшыя гады.

Для таго, каб накіраваць на Месяц пілатаваны транспартны карабель, планавалася стварыць ракету-носьбіт звышцяжкага класу, што здолела б вывесці на арбіту 80-тонны карабель. Але гэтая задума была раскрытыкаваная радай за эканамічную немэтазгоднасць.

«Для звышцяжкага носьбіта з грузападымальнасцю 80-90 т немагчыма знайсці камерцыйных нагрузак, — гаворыцца ў заключэнні рады. Носьбіт падобных памераў будзе стартаваць у лепшым выпадку два разы на год. Праз неабходнасць падтрымліваць інфраструктуру, вытворчыя магутнасці, калектывы накладныя выдаткі зробяць звышцяжкай носьбіт вельмі дарагім».

Таксама крытыкавалася ідэя транспартнага адзінага карабля для калязямной арбіты і вандроўкі на Месяц. 

«Звышцяжкі носьбіт і новы касмічны карабель — гэта сродкі рашэння нейкіх задач, — кажа сябра-карэспандэнт Расійскай акадэміі касманаўтыкі імя Цыялкоўскага Андрэй Іёнін. — А калі задачы выразна не сфармуляваны, нельга ацэньваць мэтазгоднасць стварэння тых ці іншых сродкаў».

«Дзяржаве звышцяжкі носьбіт дакладна не патрэбны, як і база на Месяцы, — у дзяржавы там задач сёння няма».

Пытанне па змяншэнні бюджэтаў касмічных праграм стаіць востра: міністэрства фінансаў патрабуе ў «Раскосмаса» скараціць дзяржвыдаткі на 10% на гэты год і прынамсі на 10% на наступны. Месяцовыя праграмы займаюць 30-40% у бюджэце арганізацыі на 2016-2025 гады.

Аляксандр Арсёнаў