Заур Дадаеў адмовіўся ад прызнання ў забойстве Нямцова

01.04.2015 / 19:56

Галоўны абвінавачваны па справе аб забойстве Барыса Нямцова Заур Дадаеў, якога следства лічыць выканаўцам злачынства, у судзе адмовіўся ад прызнання віны, заявіўшы, што зрабіў гэта пад ціскам.

EPA

«Даваў паказанні пад ціскам. Пагражалі мне і майму сябру-калегу - такім чынам і супрацоўнічаў», — сказаў Дадаеў падчас відэаканферэнцыі.

Гэта заява прагучала ў ходзе пасяджэння ў Масгарсудзе, на якім разглядаецца законнасць арышту пяці абвінавачаных. Суд прызнаў арышт Дадаева, а таксама яшчэ аднаго абвінавачанага — Анзора Губашава, законным, а пытанне аб меры стрымання трох яго меркаваных саўдзельнікаў адправіў на перагляд.

Пра тое, што Дадаеў скардзіўся на катаванні і абгаварыў сябе, раней заяўлялі праваабаронцы, якія наведалі яго ў СІЗА. Прадстаўнікі Следчага камітэта Расіі казалі, што Дадаеў прызнаў віну і супрацоўнічае са следствам.

Прадстаўнік СКР раней на пасяджэнні Масгарсуда ў сераду заявіў, што Дадаеў даў «прызнанні» супраць сябе і іншых затрыманых.

Пасля заявы Дадаева ў судзе следства заявіла, што існуюць і іншыя доказы яго віны.