Патрыярх Кірыл падтрымаў імкненне Палесціны да дзяржаўнасці

13.04.2015 / 15:13

Патрыярх Маскоўскі і ўсёй Русі Кірыл заявіў аб падтрымцы дзейнасці прэзідэнта Палесціны Махмуда Абаса і кіраўніцтва палесцінскай адміністрацыі, накіраванай на здабыццё дзяржаўнасці.

«Руская праваслаўная царква (РПЦ) выказвае сваю падтрымку законным патрабаванням і спадзяванням народа Палесціны здабыць сваю дзяржаўнасць у адпаведнасці з гістарычнай рэзалюцыяй ААН», — сказаў кіраўнік РПЦ падчас сустрэчы з Абасам у гістарычных патрыяршых палатах Маскоўскага Крамля.

Па словах Кірыла, канфлікт на Святой зямлі можа быць вырашаны толькі дыпламатычным шляхам.

Патрыярх узнагародзіў Махмуда Абаса ордэнам Славы і гонару I ступені — адной з галоўных узнагарод РПЦ. Абас, у сваю чаргу, уручыў патрыярху, «найвышэйшую ўзнагароду Палесціны» ордэн «Зорка Віфлеема».