У ЗША футбаліста-забойцу прысудзілі да пажыццёвага тэрміну

16.04.2015 / 17:43

У штаце Масачусэтс суд прысудзіў футбаліста Аарона Эрнандэс да пажыццёвага тэрміну за забойства. Пра гэта паведамляе CNN.

AP

Спартсмен быў прызнаны вінаватым у забойстве паўпрафесійнага гульца ў амерыканскі футбол Одзіна Лойда, незаконным захоўванні зброі і боепрыпасаў. 25-гадоваму Эрнандэсу адмоўлена ў праве на ўмоўна-датэрміновае вызваленне.

Злачынства было здзейснена ў чэрвені 2013 года. Лойд сустракаўся з сястрой нявесты Эрнандэса і быў сябрам спартсмена. Паміж маладымі людзьмі адбылася сварка, пасля чаго Эрнандэс вывез Лойда ў адну з прамзон горада Норт-Этлбара ў Масачусэтсы і застрэліў з пісталета.

Эрнандэс выступаў у складзе клуба «Нью-Інглэнд Пэтрыятс» і быў адным з самых высокааплатных гульцоў Нацыянальнай футбольнай лігі. Па кантракце, заключаным у 2012 годзе, спартсмен зарабляў каля 8 мільёнаў даляраў у год, а за падпісанне пагаднення ён дадаткова атрымаў 12,5 мільёна.