Удзельніц непрыстойнага танца ля мемарыяла «Малая зямля» ў Наварасійску пакаралі арыштам і штрафам 

25.04.2015 / 19:34

Пракуратура Краснадарскага краю завяршыла праверку па факце з'яўлення ў інтэрнэце відэа, на якім група дзяўчат танцуе на фоне мемарыяла «Малая зямля» ў Наварасійску. Гэты нумар некаторыя жыхары горада ўспрынялі як празмерна адкрыты і нават непрыстойны.

Сёння стала вядома, што Кастрычніцкі раённы суд Наварасійска прыцягнуў да адміністрацыйнай адказнасці пяць дзяўчат, якія скакалі на фоне мемарыяла «Малая зямля». Адной з іх прызначылі 15 сутак арышту, яшчэ дзвюм — 10 сутак. Яшчэ дзве дзяўчыны аштрафаваныя.

Акрамя таго, у дачыненні да бацькоў яшчэ адной непаўналетняй удзельніцы танцаў — 15-гадовай школьніцы з Наварасійска — распачата адміністрацыйная справа па артыкуле «Невыкананне бацькамі непаўналетніх абавязкаў па ўтрыманні і выхаванні непаўналетніх». Суд таксама аштрафаваў маці гэтай школьніцы «за незабеспячэнне мер па садзейнічанні фізічнаму, інтэлектуальнаму, псіхічнаму, духоўнаму і маральнаму развіццю дзіцяці».