Стала вядома, калі ў жывых істот з'явілася галава

08.05.2015 / 22:10

Брытанскі палеантолаг Хаўер Артэга-Эрнандэс, даследаваў узоры закамянеласцяў мозгу самых старажытных членістаногіх істот і змог выявіць момант у эвалюцыі жывёл, калі ў іх пачала фармавацца галава. Вынікі даследавання былі апублікаваныя ў часопісе Current Biology.

Малюнак: Javier Ortega-Hernández

Вывучыўшы скамянелыя рэшткі двух вымерлых членістаногіх — Helmetia expansa і Odaraia alata, навуковец змог высветліць, што ў гэтых дагістарычных істот некалькі элементаў экзашкілета, да якога мацуюцца мышцы, нагадваюць прымітыўныя сцябліністыя вочы і злучаюцца нервовымі валокнамі з пярэдняй часткай мозгу.

На думку палеантолага, гэта сведчыцьпра тое, што ў знойдзеных членістаногіх пачынала фармавацца галава, бо раней вядомыя продкі гэтых істот больш былі падобнымі да чарвякоў. У іх існавалі пярэдняя і задняя часткі цела, аднак усе яго структурныя адзінкі слаба адрозніваліся адна ад адной.

Артэга-Эрнандэс лічыць, што знойдзеныя закамянеласці, чый узрост налічвае каля 500 мільёнаў гадоў, не толькі дапамаглі ўдакладніць момант пачатку фарміравання галовы ў істот, але і паказваюць на першыя прыкметы з'яўлення цвёрдага экзашкілета ў членістаногіх і першага шкілета ў жывых арганізмаў наогул.