Астаповіч пра пажар у Азярцы: Пажарных выклікалі жыхары суседняй вёскі, а не вартаўнікі музея!

28.05.2015 / 15:13

Увечары 26 мая ў музеі архітэктуры і побыту пад Мінскам згарэў адзін з экспанатаў — драўлянае гумно. Антон Астаповіч, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, які адпрацаваў у музеі каля 17 гадоў, лічыць, што частка віны ляжыць на адміністрацыі. І ўвогуле, на яго думку, праблем у музея хапае.

«Раней пасты вартаўнікоў былі на кожным экспазіцыйным сектары. А цяпер засталіся толькі пасты на двух сектарах, і адзін на уваходзе. Адзін з тых пастоў фактычна знаходзіцца ў лесе. Адтуль нічога не відаць. Да таго ж музей мае сваё пажарнае дэпо на дзве машыны. Але я ведаю, што, калі адбылося ўзгаранне, то пажарных выклікалі не вартаўнікі музея, якія пажару не заўважылі падчас нясення службы, а жыхары суседняй вёскі Азярцо. Чаму так адбылося — пытанне да сённяшняй адміністрацыі музея», — кажа Астаповіч.

Да таго ж, лічыць Астаповіч, акрамя незразумелай гісторыі з тым згарэлым гумном, адміністрацыя ўвогуле закінула працу над аб’ектамі драўлянага дойлідства.

«Я не губляю сувязі з музеям і па сёння. І дакладна магу сказаць, што праблемаў хапае. Знікае традыцыйная драўляная архітэктура. Аб’екты па ўсёй тэрыторыі Беларусі адыходзяць у нябыт, ніхто іх не даследуе, ніхто іх не фіксуе. Наш родны Мінкульт адхіляе прапановы, каб найбольш яскравым прыкладам дойлідства надаць статус помніка. А калі ўзнікае нейкае праблема з помнікам, якая знаходзіцца ў кампетэнцыі музея, адміністрацыя не адпраўляе ў камандзіроўку сваіх супрацоўнікаў, а перакідвае гэтае пытанне на сельсаветы, і потым ніяк гэта не кантралюе, — ўпэўнены Астаповіч. — Яны ўвогуле нічога не робяць, не займаюцца праверкай стану аб’ектаў, не выяўляюць і не фіксуюць новыя аб’екты. А музей — гэта навукова-асветная установа, у статуце яго прапісана выяўленне, вывучэнне і фіксацыя аб’ектаў народнага дойлідства. Гэтая работа не праводзіцца. Чаму? Пытанні да дырэктара. Але праблема наўрад ці ў грошах, бо музей у сезон няблага зарабляе. Каб даслаць супрацоўніка на некалькі дзён у камандзіроўку грошай павінна хапаць. Дый экспазіцыя даўно не папаўняецца. Мая версія — сучаснай адміністрацыі гэта проста «па барабану».

На жаль, на прэтэнзіі Антона Астаповіча дырэктар музея, Эдуард Багдановіч, адказваць адмовіўся.

«Пра пажар — на сайце МНС інфармацыя выкладзена. Больш нічога дадаць не магу», — сказаў ён.