Памерла вядомая экстрасэнс Джуна

08.06.2015 / 13:10

У Маскве на 66-м годзе жыцця памерла лекарка Джуна Давіташвілі.

Пра гэта паведаміў у сваім блогу ў LiveJournal акцёр Станіслаў Садальскі.

«Два дні Джуна была ў коме, сёння яе не стала, - гаворыцца ў паведамленні. — «Хуткая» забрала яе проста на Арбаце — яна выйшла ў суседнюю з домам краму, каб купіць паесці, і ёй там стала блага. Некалькі дзён назад яе прывезлі з бальніцы, дзе прааперавалі, былі сур'ёзныя праблемы з крывёю».

«Але яна даўно ўжо была мёртвай, — напісаў Садальскі, — яна памерла тады разам з Вахтангам — душой, целам ж — не жыла, а дажывала, энергія яе сышла, лячыць яна ўжо не магла, пераставала бачыць. Чэхаў, здаецца, сказаў, што чалавек памірае столькі разоў, колькі разоў ён губляе дарагіх яму людзей. Гібель сына Джуна не перажыла».