Немцы распрацавалі 18-вінтавы верталёт ВІДЭА

Стваральнікі разлічваюць прадаваць апараты за 340 тысяч даляраў.

23.06.2015 / 11:20

Нямецкая кампанія e-volo распрацавала 18-ротарны двухмесны лятальны апарат Volocopter VC200 і гатовая правесці першы палёт у бліжэйшыя месяцы, піша Wired.

Двухмесны апарат з электраматорам можа разганяцца да 100 км/г і лётаць на вышыні да 2 км. Апарат кіруецца джойсцікам — так жа лёгка, як невялікія беспілотнікі, сцвярджаюць стваральнікі.

Вялікая колькасць ротараў забяспечвае стабільнасць апарату ў паветры і лёгкасць кіравання, а таксама прадухіляе здарэнні ў выпадку непаладак аднога з іх. Wired параўноўвае кіраванне апаратам з кіраваннем аўтамабілем ў паветры.

З 2013 года Volocopter VC200 выпрабоўваецца як беспілотны апарат, але ў бліжэйшыя месяцы правядуцца выпрабаванні з жывым пілотам. Папярэдні апарат e-volo, VC1, стаў першым мультыкоптарам, што перавозіў людзей.

e-volo разлічвае на камерцыйную вытворчасць VC200 і яго продаж па цане каля 340 тысяч даляраў. Стваральнікі апарата працуюць над новым інтэр’ерам кабіны, абнаўленнем электроннага начыння і больш трывалымі батарэямі — на сёння «валакоптар» можа правесці ў паветры толькі 20-30 хвілін.

Аляксандр Арсёнаў