У Беларусі рэзка ўзрасла колькасць рамеснікаў

27.07.2015 / 17:56

У Беларусі рэзка ўзрасла колькасць рамеснікаў. Гэта вынікае са звестак, апублікаваных прэс-службай Міністэрства эканомікі. 

Так, за першае паўгоддзе 2015 года ў краіне зарэгістравалася 7.010 новых рамеснікаў, з якіх 2.940 чалавек — за другі квартал гэтага года. Для параўнання, за ўвесь 2014 год было зарэгістравана 8.776 рамеснікаў. 

Паводле вынікаў шасці месяцаў найбольшая колькасць фізічных асоб, якія выплацілі збор за ажыццяўленне рамеснай дзейнасці, налічваецца ў Мінску (1.643 чалавекі) і Віцебскай вобласці (1.042 чалавекі), найменшая — у Магілёўскай вобласці (752 чалавекі). 

«У Беларусі створаны спрыяльныя ўмовы для ажыццяўлення рамеснай дзейнасці, дзякуючы чаму колькасць фізічных асоб, якія выказваюць жаданне займацца самастойнай дзейнасцю па вытворчасці вырабаў рамеснай творчасці, увесь час павялічваецца», — лічаць у міністэрстве. 

Разам з тым шэраг экспертаў звязваюць рост колькасці рамеснікаў і афіцыйных беспрацоўных з прыняццем гэтак званага дэкрэта аб дармаедах. 

Нагадаем, дэкрэт прэзідэнта № 3 «Аб прадухіленні сацыяльнага ўтрыманства» быў падпісаны 2 красавіка. Ім устаноўлены абавязак грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў ці ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш як 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, па выплаце збору ў 20 базавых велічынь (на сёння — 3 млн 600 тыс. рублёў).