Расеец хацеў завезці ў Беларусь 104 кг гашышу

06.08.2015 / 20:21

Жыхар Расіі меў намер завезці ў Беларусь з Польшчы 104 кг гашышу. Яго затрымалі польскія памежнікі ў панядзелак, 3 жніўня.

Тут і ніжэй фота: podlaski.strazgraniczna.pl

55-гадовы расеец пад'ехаў да пункта пропуску «Кузніца» на Audi A5. Памежнікі спачатку проста вырашылі «прабіць» яго аўто па базе. А затым пры даглядзе службовы сабака паказаў, што ў машыне схаваныя наркотыкі, паведамілі ў Падляскім аддзяленні памежнай службы.

У выніку пад абшыўкай дзвярэй, у колавых арках і днішчы Audi знайшлі 135 герметычна запячатаных пакетаў з рэчывам расліннага паходжання. Экспертыза пацвердзіла, што гэта гашыш.

Незаконны груз, ацэнены ў 3 млн злотых (каля 780 тысяч даляраў), і аўтамабіль коштам 80 тысяч (каля 21 тысячы даляраў) арыштаваныя. Затрыманы застаецца ў пункце пропуску «Кузніца». Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.