Цягам месяца з'явяцца першыя чыпсы з беларускай бульбы, але з пачкам «Анега» лаханулася

20.10.2015 / 10:33

5000 тон спецыяльнай чыпсавай бульбы сабралі ў 21 сельгаспрадпрыемстве Беларусі на замову кампаніі «Анега». 

Для чыпсаў з сырой бульбы патрэбныя асаблівыя гатункі: важныя правільная форма, сярэдні памер і, галоўнае, мінімальнае ўтрыманне цукру (не больш за 0,25%). Інакш прадукт цямнее пры тэрмічнай апрацоўцы.

Раней з беларускай бульбы рабілі толькі чыпсы пласцінкамі. «Анега» вырашыла асвоіць і класічны фармат — такія як у «Lay’s». 

Пад новы прадукт прыдумалі і новую абгортку. Але памыліліся са словам. Напісалі «Смятана з лукам» замест «Смятана з цыбуляй». Толькі пасля таго, як у інтэрнэце паднялі на смех, тэкст выправілі, і ў крамы пойдзе правільны варыянт.