На адваката Зэльцэра вешаюць наркотыкі

Эмануіл Зэльцэр падазраецца ў незаконнай транспарціроўцы лекаў, якія ўтрымліваюць наркотыкі. Згодна з правіламі, пры ўезьдзе ў Беларусь яму неабходна было ўказаць іх у мытнай дэкларацыі. Зельцэр — адвакат Джозэфа Кея, далёкага сваяка грузінскага нябожчыка магната Бадры Патаркацышвілі. Пасьля сьмерці Патаркацышвілі Кей прад'явіў дакументы, згодна зь якімі яму адпісаная маёмасьць памерлага. Аднак сваякі Патаркацышвілі аб'явілі іх падробкай, пасьля чаго Зэльцэр быў затрыманы ў Менску.

28.05.2008 / 14:01

Амерыканскі юрыст Эмануіл Зельцэр, які знаходзіцца пад следствам па справе аб выкарыстанні падробных дакументаў групай асоб, падазраецца ў незаконным захоўванні і кантрабандзе наркатычных сродкаў.

Як паведаміў БелаПАН яго адвакат Дзмітрый Гарачка, 27 мая была распачата крымінальная справа па ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса (незаконная перавозка і захоўванне наркатычных сродкаў) і ч. 2 арт. 228 (кантрабанда наркатычных сродкаў). Зельцэр падазраецца ў незаконнай транспарціроўцы лекаў, якія ўтрымліваюць наркотыкі. Згодна з правіламі, пры ўездзе ў Беларусь яму неабходна было ўказаць іх у мытнай дэкларацыі.

Адвакат зазначыў, што гэтая справа не мае статуса дзяржаўнай тайны.

Нагадаем, Зельцэр і яго сакратар расіянка Уладлена Функ былі затрыманыя 12 сакавіка КДБ Беларусі. Іх абвінавацілі ў выкарыстанні заведама падробных дакументаў групай асоб. Падрабязнасці арышту афіцыйна не каментуюцца, паколькі справа мае статус дзяржаўнай тайны.

Э. Зельцэр — адвакат грамадзяніна ЗША Джозэфа Кея, які з'яўляецца далёкім сваяком вядомага грузінскага бізнесмена Бадры Патаркацышвілі. Пасля смерці 13 лютага Патаркацышвілі Дж. Кей прад'явіў дакументы, згодна з якімі ён прызначаны выканаўцам тэстаменту памерлага. Дакументы былі складзены Э. Зельцэрам, аднак сваякі Патаркацышвілі аб'явілі іх падробкай, пасля чаго Зельцэр і быў затрыманы ў Мінску.

14 мая суд Тбілісі пацвердзіў сапраўднасць дакументаў, прызнаўшы такім чынам Дж. Кея распарадчыкам спадчыны Б. Патаркацышвілі.

Дзярждэпартамент ЗША некалькі разоў звяртаўся да беларускіх уладаў з просьбай вызваліць Зельцэра на гуманітарных падставах — за час утрымання пад вартай у Беларусі ў яго на фоне шматлікіх хвароб сур'ёзна пагоршыўся стан здароўя.

Марына Рахлей, БелаПАН