Спікер украінскай Рады заклікаў не весці выступы па-руску

08.02.2017 / 17:32

Кіраўнік Вярхоўнай Рады Украіны Андрэй Парубій заклікаў прадстаўніцу «Апазіцыйнага блока» Наталлю Каралеўскую і ўсіх дэпутатаў выступаць з трыбуны парламента на ўкраінскай мове, піша»УП».

Getty

Спачатку, даючы слова Каралеўскай, Парубій папрасіў яе казаць па тэме законапраекта, які тычыўся пенсій.

Каралеўская пачала выступленне на рускай мове — і спікер папрасіў яе гаварыць на ўкраінскай, бо Вярхоўная Рада — орган дзяржаўнай улады.

Яна працягнула на ўкраінскай мове — і заклікала прымяняць гэты падыход да ўсіх дэпутатаў. Зала падтрымала прапанову.

Аднак пазней, ужо пры абмеркаванні іншага законапраекта, член «Апаблока» Аляксандр Далжанкоў зноў загаварыў па-руску і настойваў, што выступаць з трыбуны можна на любой мове.

Але спікер зноў заклікаў гаварыць на дзяржаўнай мове і не ствараць канфліктных сітуацый.

«Не рабіце канфлікту там, дзе яго няма. Ёсць адзіная дзяржаўная мова ва Украіне — гэта ўкраінская», — сказаў Парубій.

Ён адзначыў, што ні ў адным парламенце еўрапейскіх краін немагчыма было б выступаць на мове іншай дзяржавы дэпутату гэтай краіны.

«Хочаце пераклад — запішыцеся… Але не правакуйце канфлікт і супрацьстаянне», — заклікаў кіраўнік Вярхоўнай Рады.

nn.by