Дваццаць кніг, якія абавязкова трэба набыць на Мінскім кніжным кірмашы
09.02.2017 / 15:46
8 лютага ў будынку «Белэкспа» пачаў Мінскі кніжны кірмаш. Больш за паўсотню выдавецтваў прадстаўляюць тут сваю прадукцыю. Найлепш прадстаўленыя, натуральна, беларускія стэнды і расійскія.
«Наша Ніва» ўжо пісала пра антылітаратуру, якой таксама навезлі ў Мінск. Аднак на кірмашы ёсць вельмі шмат добрых кніг, якія прадаюцца па цэнах ніжэйшых, чым звычайна ў крамах.
«Наша Ніва» прапануе рэйтынг самых цікавых выданняў, што можна знайсці на развалах «Белэкспа».
Святланы Алексіевіч, «Час second-hand», «Цынкавыя хлопчыкі» і іншыя
Цана: ад 13 да 15 рублёў
Пяць кніг Нобелеўскага лаўрэата па літаратуры 2015 года Святланы Алексіевіч прадаецца на стэндзе расійскага выдавецтва «Время». Купіць па такіх цэнах кнігі пісьменніцы на сёння ў Мінску немагчыма. А ў суботу 11-га лютага а 11 гадзіне наведнікі выставы змогуць атрымаць аўтограф ад самой лаўрэаткі.
Анатоль Бутэвіч, «Як Данік у Радзівілаўскае метро трапіў»
Цана: 4,95 рублёў
На стэндзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» было прадстаўлена троху выданняў на беларускай мове для дзяцей. Напрыклад, кніга былога міністра культуры Анатоля Бутэвіча. Кніга напісана ў прыгодніцкім жанры, мае добрыя ілюстрацыі. А галоўная яе мэта — расказаць аб гісторыі славутага магнацкага рода, прывіць любоў да сваёй гісторыі.
«Радзівілы. Нясвіж. Замак». У 2-х тамах
Цана: 40 рублёў
Пра Радзівілаў ёсць што пачытаць не толькі дзеткам, але і дарослым. Шыкоўны альбом «Радзівілы» выдадзены з цвёрдай вокладкай, на мелаванай паперы, каляровымі ілюстрацыямі. Праўда, на рускай, а не беларускай мове. Гэта гісторыя аднаго з самых уплывовых двароў сярэднявечнай Еўропы.
Алена Церашкова, «Англійская мова: слова за словам. Вершы»
Цана: 3,5 рублёў
Кніга для самых маленькіх беларусікаў. Аўтарка ў займальнай вершаванай форме прапануе завучваць англійскія словы. Мяркуецца, што такі падыход будзе эфектыўным па вывучэнню як беларускай, гэтак і англійскай. Кніга мае багата ілюстрацый.
Язэп Драздовіч, «Праз церні да зорак»
Цана: 19 рублёў
Абсалютна шыкоўнае 543-хстаронкавае выданне. У кнігу, укладзеную літаратуразнаўцам Міхасём Казлоўскім, увайшлі ўспаміны вядомых людзей пра яго. Тут сама літаратурныя творы Драздовіча, яго дзённік, а таксама, безумоўна, карціны. Мастак Пятро Сергіевіч называў Драздовіча «беларускім да Вінчы». Такую кнігу нікому не будзе сорамна паставіць на сваю паліцу.
Ціма Парвела, «Эла і сябры»
Цана: 10,5 рублёў
Пераклад з фінскай дзіцячай кнігі выканала Алена Казлова. «Нашы пісьменнікі так не пішуць. Бывае адкрыеш беларускага аўтара — і ведаеш, што будзе далей, а тут да апошняга трымаецца інтрыга. І хоць я даўно выйшаў з дзіцячага ўзросту, але кнігу чытаў з захапленнем», — так прадставіў выданне паэт Віктар Шніп. На прэзентацыю кнігі з Фінляндыі прыехаў сам аўтар.
Льюіс Кэрал, «Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса»
Цана: 30 рублёў
Сусветна вядомая кнігі Льюіса Кэрала цяпер даступная і па-беларуску. У кнізе маецца больш за сотню арыгінальных карцін ад мастачкі Кацярыны Дубовік. Яны павінны дапамагчы юным і не вельмі чытачам разабрацца ў тым заблытаным свеце Залюстроўя, куды трапіла Аліса.
Мікалай Улашчык, «Збор твораў». Том 1
Цана: 39 рублёў
«Гэта найлепшы беларускі гісторык ХХ стагоддзя, ніхто з ім не параўнаецца, — так прэзентуе Улашчыка рэдактар часопіса Arche Валерый Булгакаў. — Аднак пасля смерці аўтара ніхто так і не выдаў яго гістарыяграфічныя працы асобным выданнем. Выдавалася белетрыстыка, дзённікі, успаміны, але асноўныя ягоныя працы па ВКЛ, эканамічным развіцці Беларусі, не былі даступныя ў адным томе. Наша выданне закрывае гэтую лакуну».
Кнут Гамсун, «Голад»
Цана: 12,9 рублёў
«Гэта першая кніга ў серыі «Нобелеўскія лаўрэаты па-беларуску». Упершыню Гамсун выходзіць па-беларуску, перакладчыкаў з нарвежскай адзінкі, эксклюзіўная праца. Калі казаць сучаснай мовай, то «Голад» — гэта вельмі хіпстарская кніга, пра маладога чалавека, які не мае гроша, але хоча жыць прыгожа», — гаворыць ініцыятар выдання Сяргей Макарэвіч.
Уладзімір Садоўскі, «1813»
Цана: 5,9 рублёў
Гэта першы беларускі зомба-хорар. Вядомы кампазітар і грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай Міхал Клеафас Агінскі пачынае сваё змаганне з паўсталым мерцвякамі. Такога пазітыўнага трэшака па-беларуску вы яшчэ не чыталі.
Людміла Уліцкая, «Лесвіца Якава»
Цана: 24,5 рублёў
Калі звярнуцца да сучаснай расійскай літаратуры, то адна з найбольш яркіх зорак сённяшняга дня — гэта Людміла Уліцкая. Даўнейшы яе раман «Даніэль Штайн, перакладчык», які напісаны ў тым ліку і на беларускім матэрыяле, стаў бяспрэчным бестсэлерам. Не так даўно з’явіўся чарговы раман — «Лесвіца Якава». У цэнтры кнігі шэсць пакаленняў сям’і Асецкіх, праз якіх паказаная гісторыя Расіі апошніх 100 гадоў. «Лесвіцу Якава» рэкамендуюць і Вольскі, і Ярмошына.
Ханья Янагіхара, «Маленькае жыццё»
Цана: 22 рублі
Кніга пачынаецца тым, што чацвёра сяброў з розным колерам скуры, прыязджаюць у Нью-Ёрк, каб будаваць сваё жыццё. Гэта такая страшная казка на ноч. Раман напісаны на ўзор буйных твораў ХІХ стагоддзя.
Патрык Зюскінд, «Парфума»
Цана: 7 рублёў
Гэты раман перакладзены на паўсотні моваў, экранізаваны ў 2006 годзе. Загадкавая гісторыя Жана-Бацісты Грэнуя па-ранейшаму прыцягвае да сябе аматараў інтэлектуальнай літаратуры. Чытаючы гэтую кнігу вы адчуеце дзясяткі розных, прыемных і не вельмі, пахаў.
Саша Філіпенка, «Цкаванне», «Былы сын»
Цана: ад 8 да 11 рублёў
«Гэта не проста модны сучасны аўтар. Гэта аўтар, які піша на сур’ёзныя, балючыя тэмы, і робіць гэта так захапляльна, што аб такім драйве, стылі, напоры, можа толькі марыць сучасная папулярная літаратура», — прадставіў кнігу супрацоўнік выдавецтва «Время» Дзмітрый Гасін. Варта адзначыць, што Філіпенка мае беларускае паходжанне, хоць і жыве ў Расіі, а яго кнігі напісаны часткова на беларускім матэрыяле.
Ніл Гэйман, «Караліна»
Цана: 15 рублёў
Яшчэ адна кніга па-беларуску з сусветнай класікі для дзяцей. Грошы на яе выданне збіралі ўсім светам праз краўдфандынг. «Караліна» — гэта кніга, каторую хацеў бы напісаць кожны сучасны дзіцячы пісьменнік, але Ніл Гэйман усіх апярэдзіў» — адзначае перакладчыца кнігі Дар'я Вашкевіч.
Рыгор Барадулін, «Перавыбранае»
Цана: 5 рублёў
Проста ўсё найлепшае ад класіка беларускай літаратуры пад адной вокладкай.
Беларуская мова. Самадапаможнік
Цана: 27 рублёў
Кніга выдадзеная ў Маскве і адрасуецца ў першую чаргу для жыхароў Расіі. «Дапаможнік дазваляе выпрацаваць маўленчыя навыкі, неабходныя для зносін і чытання нескладанай літаратуры, і авалодаць асновамі граматыкі: урокі дапаможніка знаёмяць і з граматычнымі асаблівасцямі мовы, і з агульнаўжывальнай гутарковай-бытавой лексікай. Асвоіўшы яе, можна без праблем выйсці з любой сітуацыі пры непасрэдных зносінах з жыхарамі Беларусі», — гаворыцца ў анатацыі. Добры падарунак для сяброў з Расіі.
Рышард Капусцінскі, «Чорнае дрэва»
Цана: 19,95 рублёў
Кнігі выдатнага польскага рэпартажыста ўжо дастаткова добра прадстаўленыя на беларускай мове. Цяпер з’явілася яшчэ адна — на гэты раз пра Афрыку. Рэвалюцыі, войны, перавароты, мясціны незвычайнай прыгажосці ўсё гэта ўраджэнец Пінска бачыў на свае вочы. Кнігі Капусцінскага захапляльныя і не банальныя.
Алесь Разанаў, «Маем найбольшае самі»
Цана: 13,5 рублёў
У год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання куды без Францішка Скарыны? Прадмовы да скарынаўскіх кніг перастварыў у паэзію Алесь Разанаў.
Блакноты ад выдавецтва «Папуры»
Цана: 2,5 рублі
Цудоўныя невялічкія блакноты з вышыванкамі, выцінанкай і іншымі беларускімі ўзорамі. Каштуюць зусім нямнога. Камусьці можна зрабіць прыемны падарунак.