Пальчэўскага арыштавалі на 10 сутак, Дашкевіча адбілі людзі

07.03.2017 / 14:51

Зміцер Дашкевіч. Фота Антон Матолька, 1863x.com.

Лідара «маладафронтаўцаў» Змітра Дашкевіча спрабуюць затрымаць супрацоўнікі сілавых ведамстваў. «Прывёз дзяцей да сяброў на Трэці Загарадны завулак. Малыя спалі, то я іх па чарзе заносіў у кватэру. Відаць, за мной сачылі, размінуўся з імі літаральна на пару секунд. Пакуль мяне не было ля машыны, накінуліся на Уладзя Сташкевіча, але потым адпусцілі. Цяпер вось сяджу з дзецьмі ў кватэры сяброў, заблакаваны, ламаць дзверы яшчэ не спрабавалі».

Дашкевіч звязваў гэты ціск з учорашнімі перадачамі, што выйшлі на тэлеканалах АНТ і БТ: «Там жа казалі пра графіці, Леніна, збітых бабуль. Думаю, ім разанула, што нам удалося дасягнуць поспеху ў Курапатах. Нервы ва ўладаў здалі. Калі б сёння стаяў намётавы гарадок у Курапатах, то сёння ён быў бы ўжо зачышчаны спецназам».

Таксама 7 сакавіка затрымалі Сяргея Пальчэўскага. Таго самага хлопца, які прыкаваў сябе да машыны кайданкамі падчас абароны Курапатаў.

***

Па стане на 17:00 Зміцер Дашкевіч змог дабрацца дадому. Кажа, што дапамаглі журналісты, якія прыехалі да кватэры яго сяброў. Затрымліваць на камеры сілавікі не адважыліся.

***

А 19-й гадзіне стала вядома, што ў судзе Першамайскага раёна Мінска Сяргея Пальчэўскага асудзілі да 10 сутак арышту па артыкуле 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу «Удзел у несанкцыянаванай акцыі». За якую дату акцыя, пакуль не вядома.

{POLL#621}

Зміцер Панкавец