Хапун у Маладзечне: затрыманыя Лябедзька, Губарэвіч, Рымашэўскі РЭЗКІЯ КАДРЫ
жорсткае відэа
10.03.2017 / 19:32
Пасля акцыі ў Маладзечне затрыманыя лідар АГП Анатоль Лябедзька, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, сацыял-дэмакрат Алесь Абрамовіч, актывістка БХД Вольга Кавалькова і журналіст БелаПАН Сяргей Каралевіч, а таксама некалькі актыўных дэманстрантаў.
Лябедзька трансляваў затрыманне ў сваім фэйсбуку. Нейкі час яго, Губарэвіча і Каралевіча суправаджалі людзі ў цывільным. Потым накінуліся і сталі збіваць. Затрыманне адбывалася вельмі брутальна.
«У Маладзечанскім РАУС. Затрыманне у лепшых традыцыях… Закінулі у бус, тварам у падлогу. Зараз ідзе разбіральніцтва. З боку міліцыі галоўны — Кісель.», — напісаў Губарэвіч.
Лябедзька потым здолеў весці трансляцыю з РУУС у фэйсбуку, потым, здаецца, зноў пачалося збіццё і трансляцыя спынілася.
«Мяне закінулі, па Губарэвічы патапталіся, потым Каралевіча закінулі», — паведамляў Лябедзька ў фэйсбуку.
«Вы можаце патлумачыць, чаму я затрыманы», — спытаўся Лябедзька, і трансляцыя адключылася.
Затрыманне Віталя Рымашэўскага
«Закінулі ў бус, тварам у падлогу, з грубай фізічнай сілай. Адвезлі ў пастарунак. Хутчэй за ўсё, нейкая група з Менска гэтым займалася, бо іх твары я не аднойчы бачыў на менскіх мерапрыемствах. Нам нічога не сказалі, не папярэдзілі, проста, як злачынцаў, падляцелі ззаду, адчынілі дзверы, пазакідвалі, селі на плечы на нас і паехалі», — сказаў Юрась Губарэвіч карэспандэнту Свабоды.
Юрась Губарэвіч назваў гэтыя дзеянні міліцыі «спробай запалохвання».
— Я цяпер знаходжуся ў кабінеце з супрацоўнікам міліцыі, які будзе складаць пратакол. Чым гэта завершыцца, я не ведаю. Але ёсць верагоднасць, што мы тут заначуем да суда. А з улікам выходных дзён — да панядзелка. Тут цяжка прагназаваць.
— То бок вы цяпер у Маладзечанскім РАУС?
— Напэўна, так, бо цяжка было зразумець. Заводзілі тварам у падлогу, накінуўшы капюшоны на галаву. І так выводзілі з аўтобуса, таму ніякай шыльды я не разгледзеў.
Начальнік міліцыі Маладзечна Валянцін Асіповіч адмовіўся каментаваць журналістам арышты і загадаў пакінуць пастарунак.
Нікога ўнутр будынка не пускаюць.
***
Іллю Бондара затрымалі разам з двума паплечнікамі, калі яны вярталіся з акцыі ў таксі. Іх прывезлі ў РАУС, але павялі ў розныя пакоі. З Іллём у адным памяшканні апынуліся яшчэ чацвёра невядомых яму затрыманых, сярод якіх, паводле слоў хлопца, былі і палітычныя дзеячы.
Потым Бондара вярнулі міліцэйскай машынай назад і павялі ўнутр.
***
Таксама пасля акцыі быў затрыманы малады чалавек з арафаткай на твары. Паводле назіральнікаў БХК, яго жорстка запхнулі ў міліцэйскую машыну. Хлопца завуць Дзяніс, яму 16 год.
Каля 22:00 хлопца адпусцілі, па яго прыйшоў бацька.
21:31
Журналіст БелаПАНа Сяргей Каралевіч адпушчаны з РУУС.
Фота Настассі Роўды