Стартаваў творчы конкурс «Сімвал натхнення — Беларусь!»

21.03.2017 / 18:20

Культурная пляцоўка «Арт-Сядзіба» і інтэрнэт-крама «Symbal.by» запрашаюць да ўдзелу ў творчым конкурсе «Сымбаль натхнення — Беларусь!»

Да 9 красавіка арганізатары чакаюць візуальныя працы ад мастакоў, ілюстратараў, дызайнераў і ўсіх творчых людзей, якія раскрываюць тэму конкурсу і ў перспектыве будуць выкарыстоўвацца для стварэння прынтоў, адзення, сувеніраў, атрыбутыкі і іншых матэрыяльных вырабаў з беларускім каларытам.

Што нас, беларусаў, натхняе? Чым мы можам ганарыцца? Праз якія візуальныя вобразы стылёва і сучасна паказаць адметнасці нашага краю і народу, якія выклікаюць гонар і павагу?

Давайце разам ствараць рэчы, якія аб’ядноўваюць беларусаў у розных кутках свету, вылучаюць і робяць унікальнымі!

Мэта конкурсу

Пошук новых творцаў, ідэй і рашэнняў для стварэння цікавых і стылёвых рэчаў, якія будуць працаваць на папулярызацыю беларускай мовы, культуры, гісторыі, традыцый і адметнасцяў нашай краіны.

 

Што чакаюць арганізатары конкурсу

Што тут можа быць? Усё, на што вас натхніла Беларусь, яе гісторыя, мова, культура, сімвалы. Галоўнае, каб гэта была не сырая ідэя на пачатковай стадыі, а дэталёва распрацаваны, напісаны, намаляваны праект

(серыя прынтоў, кніга, набор паштовак, гульня, каляндар, цацка, нейкі выраб і т.д.), які толькі патрабуе фінальнай дапрацоўкі, меркавання экспертаў, запуску ў вытворчасць і продаж, рэкламы і прасоўвання.

Увага! Памятайце, што вашыя працы, ідэі і праекты павінны быць cкіраваныя на стварэнне не з’яў і падзей, а матэрыяльных рэчаў, якія можна будзе тыражаваць, узяць у рукі, апрануць, пачытаць, падарыць і, зразумела, натхніцца!

Вызначэнне пераможцаў і прызы

На працягу сакавіка і красавіка ў сацыяльных сетках «Арт-Сядзібы» і Symbal.by ды партнёрскіх СМІ мы будзем знаёміць беларусаў з атрыманымі працамі і іх аўтарамі ды прапаноўваць выказваць свае меркаванні ў форме каментароў, смайлаў і балаў.

 — неверагодна — 5 балаў;

 — прышпільна — 4;

 — пойдзе — 3;

 — спрабуй яшчэ — 2;

 — дрэнна — 1;

 — ніяк — 0.

Па выніках абмеркаванняў у траўні аўтары трох найлепшых прац, якія самастойна абярэ каманда «Арт-Сядзібы» з улікам меркаванняў аўдыторыі, атрымаюць ганарары за 1, 2 і 3 месцы — 600, 400 і 200 BYN адпаведна, а іх працы-пераможцы з захаваннем пазнак аўтарства будуць увасоблены ў новых прадуктах крамы Symbal.by.

Пераможцы таксама атрымаюць магчымасць далейшай камерцыйнай супрацы з арганізатарамі конкурсу.

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымаюць памятныя падарункі: кнігі-маляванкі «Мая радзіма Беларусь».

Умовы

Любы аўтар можа даслаць неабмежаваную колькасць прац на конкурс.

Працы з пазнакаю «Сымбаль натхнення — Беларусь!» прымаюцца да 9 красавіка ўключна на скрынку artsiadziba@gmail.com у арыгінальных фарматах і *.png (для публікацый у сацыяльных сетках і СМІ).

Кожная праца павіннна быць пазначана наступным чынам:

Аўтарскія правы

Дасылаючы працы на конкурс, удзельнік аўтаматычна пацвярджае права на публікацыю іх прац у СМІ і сацыяльных сетках у фармаце.jpg з пазнакай аўтарства са спасылкай на профіль аўтара ў сацыяльных сетках ці персанальны сайт. 

Арганізатары пакідаюць за сабою права камерцыйнага выкарыстання толькі прац-пераможцаў, аўтары якіх атрымалі ганарары. Умовы магчымага далейшага камерцыйнага выкарыстання астатніх прац, якія дасылаліся на конкурс, будуць дадаткова абмяркоўвацца з іх аўтарамі.