Рассельгаснагляд упершыню ў 2017 годзе наведае Беларусь з праверкай

04.04.2017 / 15:11

Спецыялісты Рассельгаснагляду ў сераду, 5 красавіка, адправяцца ў Беларусь для праверкі жывёлагадоўчых прадпрыемстваў краіны. Пра гэта РБК распавяла афіцыйны прадстаўнік ведамства Юлія Мелано.

«Заўтра спецыялісты Рассельгаснагляду выязджаюць у Беларусь, зараз фарміруем спіс прадпрыемстваў для праверкі, будзем узгадняць яго з беларускім бокам», — сказала Мелано. Яна дадала, што дакладныя тэрміны інспекцыі пакуль не ўстаноўлены.

Напярэдадні, 3 красавіка, у Стрэльне пад Санкт-Пецярбургам адбыліся перамовы Уладзіміра Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам. На сустрэчы, у прыватнасці, уздымалася пытанне аб супрацоўніцтве ў сферы сельскай гаспадаркі.

«Я прасіў урад РФ, каб на гэтым тыдні нашы спецыялісты выехалі ў Беларусь і папрацавалі там з калегамі на адпаведных прадпрыемствах, у дачыненні да якіх паўсталі нейкія сумневы з пункту гледжання захавання нашых фітасанітарных нормаў», - заявіў кіраўнік расійскай дзяржавы.

Візіт супрацоўнікаў Рассельгаснагляду ў Беларусь стане першым з пачатку 2017 года.