У Празе загінула 31-гадовая беларуская мастачка, адзіная дачка ў сям'і

14.06.2017 / 10:17

Пасля апоўначы ў аўторак у Празе адбылася жудасная аварыя з удзелам беларускі. Як паведаміла паліцыя Прагі, прыблізна а палове на першую ўначы непадалёк ад Нацыянальнага тэатра ў цэнтры горада было выяўлена цела жанчыны. Рух на праспекце быў спынены на некалькі гадзінаў.

«Адна з версій следства, што асоба ехала на счэпным прыстасаванні паміж вагонамі, альбо хацела пралезці празь яго паміж вагонамі трамвая на трамвайным прыпынку. А кіроўца, не падазраючы, што ў яго знаходзіцца чалавек паміж вагонамі, набраў хуткасць» — распавёў чэшскаму выданню idnes.cz прэс-сакратар паліцыі Томаш Гулян.

Ахвяра аварыі — гэта 31-гадовая беларуска Юлія Качук, дачка краязнаўца з Зэльвы Юрыя Качука, аўтара папулярнай кулінарнай кнігі «Моц смаку». 

«Гэта вялізнае гора. Яна была адзінай дачкой у бацькоў. Разумніца была. Некалькі вышэйшых адукацый. Мы ўсе ў роспачы», — расказвае сябар сям’і Алесь Чахольскі..

У Празе Юля Качук скончыла эканамічны факультэт. Працавала і займалася мастацтвам.