Як маладая каталічка адкрыла ў Вішневе музей і бібліятэку

26.07.2017 / 09:49

Тарэса Бітэль. Заснавальнік, захавальнік і экскурсавод, Вішнева.

38-гадовая настаўніца Тарэса Бітэль так натхнілася лёсам ксяндза Ўладзіслава Чарняўскага, што стварыла ў ягоны гонар музэй. На ўласныя грошы і з дапамогаю добрых людзей.

У Вішневе Валожынскага раёну жыве цяпер пад паўтысячы чалавек. Тут нарадзіліся асьветнік Сымон Будны і прэзыдэнт Ізраілю Шымон Пэрэс. А ў мясцовым касьцёле яшчэ ў савецкія часы паўстагодьдзя служыў сьвятаром легендарны ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі.

Два пакоі пад прыватны музэй і бібліятэку Тарэса Бітэль арандуе ў вішнеўскім Доме культуры

Савецкія вернікі ананімна скардзіліся на сьвятара, што моліцца па-беларуску

Тарэса Бітэль — 38-гадовая настаўніца хіміі й біялёгіі. Кажа, што беларуская мова для яе — «натуральная, як стары вясковы касьцёл», пры якім яна вырасла. Але прызнаецца, што калі вучылася ў пэдагагічным унівэрсытэце ў Менску ды пачынала выкладаць хімію й білёгію, то часова «сышла» ў расейскамоўную галіну. Сваю «беларусізацыю наноў», а таксама заснаваньне вясковага «цэнтру культуры» зьвязвае зь імем мясцовага сьвятара Ўладзіслава Чарняўскага:

«Набліжалася 100-годзьдзе ксяндза Ўладзіслава Чарняўскага, і мы вырашылі стварыць музэй».

Партрэт ксяндза Ўладзіслава — сярод экспанатаў музэю

Ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі — адзін зь перакладнікаў Бібліі на беларускую мову — амаль 50 гадоў праслужыў у касьцёле ў Вішневе. Ён ці ня першы ў савецкай Беларусі пачаў праводзіць службы па-беларуску.

«Ён усё жыцьцё праслужыў людзям і надалей апякуецца вішнеўцамі. Гэта празь ягоную апеку ўсё атрымалася», — упэўненая Тарэса, на якой трымаецца ўвесь музэй. Яна складальніца і захавальніца фондаў, а таксама экскурсавод.

За гэтым сталом ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі перакладаў Біблію на беларускую мову

«Гэта быў ня толькі асьветнік, але вельмі добры чалавек», — кажа яна пра Чарняўскага. — Памятаю, у суседняй вёсцы пажылы ўжо чалавек узгадваў, як яны дзецьмі чакалі ксяндза Ўладзіслава пры дарозе, калі ён пасьля службы ехаў у лес у грыбы. Бо ксёндз заўсёды частаваў дзяцей цукеркамі. Маё ж пакаленьне, людзі малодшага ўзросту бязьмерна ўдзячныя сьвятару за беларускую мову ў касьцёле».

Ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі быў асьветнікам і фундатарам у справе папулярызацыі беларушчыны

А супраціўляліся беларусізацыі ня толькі ўлады, але нават свае, мясцовыя людзі. Тарэса дастае з музэйнай экспазыцыі ананімны ліст ад парафіянаў, якія патрабуюць ад сьвятара спыніць маліцца па-беларуску.

«Альбо, да прыкладу, праходзіць ксёндз праз натоўп, дык нехта хоць плячом нібыта выпадкова штурхне. Мне цяжка нават уявіць, як айцец Уладзіслаў гэта ўсё вытрымаў, — распавядае яна. — Тое пакаленьне даўно сышло. А мы адчуваем сябе ў касьцёле як у сваім доме — мы можам свабодна ўдзельнічаць у малітве, бо яна на роднай мове. І за гэта айцу Ўладзіславу нізкі паклон».

Ксёндз Уладзіслаў стаяў каля вытокаў новага Беларускага адраджэньня

Ствараць музэй было няпроста. «Былі выпадкі, калі здавалася што ўсё, тупік, — дзеліцца Тарэса. — І нібыта ніадкуль зьяўляліся людзі, якія дапамагалі вырашаць праблемы. Знаходзіліся адмыслоўцы, якія перакладалі дакумэнты і найбагацейшую спадчыну айца Ўладзіслава з лацінскай, літоўскай, італьянскай моваў».

Са сваім дзядзькам ксёндз Уладзіслаў ліставаўся беларускай лацінкай

Экспанаты і начыньне музэю зьбірала па каліву. Частку мэблі падарыла мэблевая фабрыка з Валожыну, бо дырэктар «хадзіў у нядзельную школу да ксяндза Ўладзіслава». Мясцовы Дом культуры здаў у арэнду памяшканьне пад музэй і бібліятэку. А вось рамантавалі яго местачкоўцы ўжо ўласнымі сіламі. І зараз Тарэса сплочвае арэнду ўласнымі сродкамі.

Сярод экспанатаў — дакумэнты, кнігі Ўладзіслава Чарняўскага

«А бывалі і проста містычныя выпадкі, — кажа яна. — Аднойчы ў музэі не было сьвятла, а карціна з нашым касьцёлам стаяла на падваконьні і закрывала вакно. Нічога не заставалася, як зьняць яе і паставіць у куток, каб у пакоі стала сьвятлей. У тую ж ноч мне прысьнілася, што мы прыйшлі ў музэй з ксяндзом Уладзіславам. Я і пытаюся: «Ойчанька Ўладзіслаў, як вам тут? Мы вельмі стараліся…» А ён патрос пальцам і кажа: «Усё ў вас добра, толькі касьцёл не на сваім месцы». Раніцай пайшла і вярнула «касьцёл» на «сваё» месца».

Кнігі з прыватнай бібліятэкі ксяндза Ўладзіслава і адзеньне сьвятара

«Вядома, вёскі зараз паміраюць, але ж ня будзем траціць надзею»

Уся прыватная бібліятэка Тарэсы Бітэль пакуль зьмяшчаецца на некалькіх паліцах — агулам каля чатырох сотняў асобнікаў. Усе яны на беларускай мове і маюць аўтографы аўтараў.

«Вось гэтую сваю кнігу з асабістым подпісам у бібліятэку перадала Ірына Багдановіч. Гэтую — Данута Бічэль з Горадні. На гэтай паліцы кнігі, перададзеныя Хрысьцінай Лялько, яны выйшлі ў выдавецтве «Pro Christo»», — распавядае Тарэса.

Само заснаваньне бібліятэкі таксама зьвязана зь імем ксяндза Ўладзіслава. У музэйнай калекцыі ёсьць выданьне твораў Паўлюка Труса 1934 году з асабістай пячаткай ксяндза Ўладзіслава Чарняўскага, кнігі беларускай лацінкай зь бібліятэкі а. Адама Станкевіча, літаратурны часопіс «Калосьсе» 1923 году.

Бібліятэчна-музэйны «фонд» Тарэсы Бітэль

«Маючы такі скарб, нельга было ўтрымацца, каб не прадоўжыць справу ксяндза Ўладзіслава і не папоўніць ягоную бібліятэку», — тлумачыць Тарэса.

Больш сучасныя, але ня менш каштоўныя выданьні прыватнай бібліятэкі

«А вось гэта, — Тарэса Бітэль з усьмешкай паказвае некалькі асобнікаў кніг, — кнігі зь «Бібліятэкі Свабоды». Маем некалькі асобнікаў і чакаем абяцанага «Верабейку гаварушчага» ад Зьмітра Бартосіка».

Тарэса Бітэль спадзяецца неўзабаве выдаць кнігу пра ксяндза Ўладзіслава, дзе будуць ягоныя рукапісы, фатаздымкі, гісторыя няпростага жыцьця і актыўнай дзейнасьці.

«Касьцёлы ў вёсках заўсёды былі цэнтрамі культуры, і мне хацелася б аднавіць гэтую традыцыю, як і ксёндз Уладзіслаў аднаўляў родную мову, — кажа Тарэса. — Мне ўяўляецца, што духоўную і асьветніцкую місію маглі б мець і музэй, і бібліятэка, і дом сьвятара зь нядзельнай школай для дзяцей. Спадзяюся, што аднойчы гэта стане культурным цэнтрам у нашым Вішневе. Вядома, вёскі зараз паміраюць, але ж ня будзем траціць надзею».