Мясніковіч: Не выключаю, што ў будучыні Беларусь зможа выйсці ў космас са сваім касмічным караблём

Пяць гадоў таму, 22 ліпеня 2012 года, з касмадрома Байканур быў выведзены на арбіту Беларускі касмічны апарат. У сувязі з гэтым БелТА паразмаўляла з Міхаілам Мясніковічам пра будучыню касмічных тэхналогій у Беларусі.

28.07.2017 / 11:34

У прыватнасці, на пытанне, ці магчыма пашырэнне нашае прысутнасці ў космасе, Мясніковіч выказаўся даволі аптымістычна:

«Безумоўна, чарговым сур'ёзным крокам можа быць наш касманаўт ў космасе. Гэта не абавязкова павінен быць цалкам беларускі касмічны апарат, які даставіць яго на арбіту і назад. Тут можна казаць пра этапнасці.

Першы крок, напрыклад, уваходжанне беларуса ў склад міжнароднага экіпажа і праца на МКС. У будучыні не выключаю, што мы будзем мець магчымасць самастойна выйсці ў космас са сваім касмічным караблём. І гэта не фантастыка.

Калі раней касманаўта рыхтавалі многія гады, то сёння такая падрыхтоўка адбываецца значна хутчэй, магчымасці тэхнікі таксама іншыя. Але ўсё павінна быць прадумана і рацыянальна. Космас для нас становіцца ўжо устойліва функцыянуючай і прызнанай галіной эканомікі, а не проста чымсьці разавым. Сёння мы касмічная дзяржава, мы вядомыя. Галоўнае, не спыняцца ў развіцці, а рухацца далей».

ІП