Канец эпохі: Apple спыніла вытворчасць легендарных плэераў iPod

Як паведамляе AppleInsider, кампанія афіцыйна адмовілася ад падтрымкі прылад, а таксама закрыла прысвечаныя ім раздзелы на сайце Apple. Усе рэшткі будуць распрададзеныя праз рознічныя крамы.

28.07.2017 / 17:37

«Сёння мы спрасцілі нашу лінейку iPod і пакінулі ў ёй толькі дзве мадэлі iPod touch, якія цяпер маюць удвая большую памяць і каштуюць ад $199», — заявілі ў кампаніі.

Абедзве прылады былі ўпершыню прадстаўленыя ў 2005 годзе. У 2015 годзе Apple асвяжыла лінейку iPod nano, дадаўшы некалькі новых колераў. У сваю чаргу, iPod shuffle не абнаўляўся ад верасня 2010 года.

Цяпер плэеры карыстаюцца вельмі малым попытам праз смартфоны, якія выдатна даюць рады прайграванню музыкі. Знятыя з вытворчасці мадэлі айподаў карысталіся асаблівай папулярнасцю сярод спартсменаў праз малую вагу і зашчэпку, пры дапамозе якой можна прымацаваць прыладу да вопраткі. Такім чынам, кампанія Apple завяршыла цэлую эпоху ў развіцці плэераў.

Ілья Параскевіч