Меркель асудзіла прызнанне Іерусаліма сталіцай Ізраіля

07.12.2017 / 13:56

Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель дыстанцыявалася ад рашэння прэзідэнта ЗША прызнаць Іерусалім сталіцай Ізраіля, піша Deutsche Welle

«Урад Нямеччыны не падтрымлівае гэтую пазіцыю, бо пытанне аб статусе Іерусаліма павінна быць вызначана ў рамках стратэгіі стварэння дзвюх дзяржаў», — працытаваў Меркель у твітары афіцыйны прадстаўнік канцлера Штэфен Зайбер.

Напярэдадні Брусэль і Берлін перасцераглі ЗША ад аднабаковага прызнання Іерусаліма сталіцай Ізраіля. Неабходна пазбягаць усяго, што можа перашкодзіць мірнаму ўрэгуляванню і канцэпцыі стварэння дзвюх дзяржаў для ізраільцян і палестынцаў, заявіла вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні.

Яе падтрымаў кіраўнік МЗС Нямеччыны Зігмар Габрыэль «Рашэнне праблемы Іерусаліма магчыма толькі на прамых перамовах паміж двума бакамі», — падкрэсліў ён у Берліне, дадаўшы, што ўсё, што спрыяе абвастрэння сітуацыі ў цяперашнія часы, з'яўляецца контрпрадуктыўным.

Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»