«Сталічнае тэлебачанне» вяртае ў эфір праграмы вытворчасці расійскага «РэнТВ»

09.01.2018 / 15:14

У праграму перадач «Сталічнага тэлебачання» (СТБ) вяртаецца кантэнт расійскага «РэнТВ».

8 студзеня «Наша Ніва» звярнула ўвагу на тое, што з эфіру беларускага тэлеканала СТБ зніклі перадачы расійскага скандальна вядомага «РэнТВ». Мы прааналізавалі праграму перадач СТБ і пабачылі, што з 1 па 14 студзеня 2018 года там не было запланавана ніводнай перадачы вытворчасці расійскага партнёра.

Праграмная дырэкцыя і прэс-служба тэлеканала сітуацыю нам не пракаментавалі.

Пазней на партале tut.by з'явіўся каментар намесніка генеральнага дырэктара СТБ Паўла Каранеўскага, які паведаміў, што перадачы расійскага партнёра вернуцца ў эфір, але калі гэта адбудзецца, ён дакладна не сказаў.

У аўторак 9 студзеня з'явілася праграма перадач «Сталічнага тэлебачання» на наступны тыдзень. Аматары перадач пра рэптылоідаў і масонскія змовы будуць задаволеныя — СТБ зноў пачне рэтрансляваць праграмы «РэнТВ» з 15 студзеня.

Максім Маханькоў