У Туркменістане забаранілі сэкс на тэлебачанні

17.01.2018 / 20:26

Прэзідэнт Туркменітана Гурбангулы Бердымухамедаў падпісаў закон, які забараняе паказваць у фільмах і тэлепраграмах сэкс, гвалт і шкодныя звычкі. Пра гэта паведамляе «Радыё Азатлык».

Не зразумела, што будзе са страляючым прэзідэнтам Туркменістана — прапаганда гвалту гэта ці не, іранізуе туркменская служба Радыё Свабода

Закон заклікае ствараць «станоўчы вобраз» краіны. Адзін з яго пунктаў паказвае на «забеспячэнне абароны непаўналетніх асоб ад распаўсюджвання публічнай інфармацыі, якая аказвае негатыўнае ўздзеянне на іх фізічнае, разумовае або маральнае развіццё».

У дакуменце таксама гаворыцца, што забарона на дэманстрацыю сэксу, гвалту і шкодных звычак на тэлебачанні абумоўлены абаронай нацыянальных інтарэсаў. Пры гэтым у законе не пазначана дакладна, што маецца на ўвазе пад «шкоднымі звычкамі», а таксама не пералічаныя органы або асобы, якія зоймуцца іх вызначэннем.