Стась Карпов: Советы белорусскому Демосфену
30.01.2018 / 17:15
Вядома, што вялікі антычны аратар Дэмасфен заікаўся, картавіў і меў нервовы плечавы цік. Але шляхам жорсткіх практыкаванняў ён перамог свае хібы. Над плячом ён падвешваў востры меч, саваў у рот каменьчыкі, капіраваў рык свайго шчанюка і — оп! Стаў залатавусным.
Я гэта да чаго. Дарагі беларускі палітытык будучыні, за якога прагаласуе 100% насельніцтва без аніякіх падтасовак!
Калі табе ад прыроды пашанцавала болей, чым Дэмасфену, каб стаць народным любімцам — ты проста павінен гаварыць людскай мовай.
Трэніруйся ў сваёй хрушчоўцы на Грушаўцы — ці дзе ты там зараз жывеш? — нікому невядомы, але перспектыўны. Рэпетуй будучыя прамовы.
Як толькі у цябе ўзнікае жаданне звярнуцца да Еўрапарламента — лясніся тварам аб падваконне.
Калі з рота вырываюцца заклікі да «паважаных калегаў» — аб падваконне.
Калі лезе «рэжым, кансенсус, пленум, пасяджэнне, арганізацыйная група, еўрапейскія каштоўнасці, зварот да грамадзянскай супольнасці, дасягненне пагаднення, забеспячэнне дабрабыту, цывілізаваныя працэдуры, міжнародная супольнасць, адваротная сувязь, дэмакратычныя працэдуры, грамадская камісія і г.д.» — аб падваконне, аб падваконне, аб падваконне.
Гавары нармальнай мовай тое, што ты думаеш, а не тое, што павінен казаць беларускі палітык так, як павінен казаць беларускі палітык. І вось убачыш, як яно ўсё афігенна ўдасца.
Дэмасфен змог — і ты зможаш.