Візы авансам за СМІ

Сёньня раніцай Эўрапейскі парлямэнт ухваліў рэзалюцыю па Беларусі. Яна заклікае прыпыніць візавыя санкцыі Эўразьвязу супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў на паўгоду, каб за гэты час Беларусь перагледзела дыскрымінацыйныя акты сродках масавай інфармацыі.

09.10.2008 / 13:44

Сёньня раніцай Эўрапейскі парлямэнт ухваліў рэзалюцыю па Беларусі.

Праект быў падрыхтаваны і ўнесены на разгляд пяцьцю фракцыямі Эўрапарлямэнту. Ён быў ухвалены абсалютнай большасьцю галасоў. «За» прагаласавалі 597 дэпутатаў, «супраць» — 31.

У рэзалюцыі Эўрапарлямэнт заклікае выканаўчыя органы Эўразьвязу спрасьціць працэдуру атрыманьня эўрапейскіх візаў для грамадзян Беларусі, а таксама прыпыніць візавыя санкцыі Эўразьвязу супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў на паўгоду, каб за гэты час у Беларусі быў перагледжаны дыскрымінацыйны закон аб сродках масавай інфармацыі.

Пры гэтым прапанова прыпыніць візавыя санкцыі не датычыцца асоб, што ўдзельнічалі ў парушэньнях дэмакратычных выбарчых стандартаў і правоў чалавека.

У рэзалюцыі Эўрапарлямэнт вітае вызваленьне палітвязьняў Аляксандра Казуліна, Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча, а таксама называе ўмовы верасьнёўскіх парлямэнцкіх выбараў у Беларусі значна лепшымі, чым падчас выбараў 2004 і 2006 году. Пры гэтым, аднак, у рэзалюцыі выказваецца «глыбокае расчараваньне» тым, што ў Беларусі не адбылося дэмакратычных зьменаў, на якія спадзяваўся Эўразьвяз, і што, нягледзячы на невялікія паляпшэньні, выбары не адпавядалі стандартам Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе.

Эўрапарлямэнт таксама заклікаў беларускія ўлады правесьці сапраўды дэмакратычныя выбары ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі і для гэтага, сярод іншага, даць прадстаўнікам усіх партыяў доступ да выбарчых камісіяў на ўсіх узроўнях, а таксама скасаваць працэдуру датэрміновага галасаваньня, ці прынамсі забясьпечыць асобны падлік і запіс ў выбарчыя пратаколы галасоў з датэрміновага галасаваньня.

У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік да беларускага ўраду паважаць правы чалавека і для гэтага скасаваць шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія выкарыстоўваюцца для рэпрэсій, устрымацца ад перасьледу беларускіх студэнтаў, якія вучацца за мяжой пасьля выключэньня зь беларускіх ўнівэрсытэтаў за грамадзкую дзейнасьць, а таксама зьняць перашкоды на шляху рэгістрацыі няўрадавых арганізацый.