Зяць расійскага міністра Лаўрова стаў мільярдэрам

27.05.2018 / 10:55

Расійскі банк ВТБ спачатку паўгода таму выкупіў 29% працэнтаў акцый рытэйлавай сеткі «Магніт», а цяпер прадаў палову свайго пакета. Акцыі на 62,5 млрд рублей ($1,02 млрд) дасталіся кампаніі Marathon Group, заснаванай былым кіраўніком інвесткампаніі А1 (падраздзяленне Альфа-груп) Аляксандрам Вінакуравым і яго партнёрам Сяргеем Захаравым, піша расійскі «Форбс».

ВТБ — камерцыйны банк, кантрольны пакет акцый у ім належыць расійскай дзяржаве. Прэзідэнт ВТБ Андрэй Косцін — блізкі да Пуціна чалавек і лічыцца адным з самых уплывовых у Расіі.

Аперацыя з акцыямі «Магніта» прыцягнула ўвагу да асобы Аляксандра Вінакурава. Гэта зяць міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова. Ён пазнаёміўся з дачкой Лаўрова ў Брытаніі, калі вучыўся ў Кембрыджы. Па вяртанні Вінакураў стаў адным з самых высокааплатных менеджараў Расіі і паступова развіў уласны бізнэс.

СГ; фота з Вікіпедыі