Аўстралійская авіякампанія анансавала спартзалы ў сваіх самалётах
19.09.2018 / 09:11
Qantas
Аўстралійская авіякампанія Qantas заявіла, што разглядае магчымасць зрабіць трэнажорныя залы на самалётах, якія будуць ажыццяўляць планавыя беспасадачныя пералёты паміж Лонданам і Сіднэем, піша Бі-бі-сі.
Таксама кампанія разглядае магчымасць адкрыць на борце самалёта, які будзе ляцець 20 гадзінаў, бар, спальныя зоны з ложкамі.
Авіякампанія хоча запусціць паслугу да 2022 года і папрасіла Boeing і Airbus прапанаваць самалёты для маршруту.
Галоўны выканаўчы дырэктар Алан Джойс сказаў BBC, што ўпэўнены ў попыце на пералёт.
«Бізнэсмены і простыя пасажыры будуць мець упэўненасць у тым, што даляцяць прамым рэйсам, ім не прыйдзецца спыняцца, не спатрэбяцца перасадкі, калі нешта можа пайсці не так, зэканомлены такім чынам час таксама вельмі важны», — адзначыў ён.
У сакавіку авіякампанія пачала беспасадачны палёт паміж Лонданам і Пертам (Заходняя Аўстралія), рэйс доўжыцца больш за 17 гадзін.
Аднак, паводле яго слоў, пакуль не існуе самалёта, які мог бы праляцець з Лондана ў Сіднэй без пасадак.
Qantas разглядае Airbus A350-1000 для палёту, але самалёт патрабуе «мадыфікацыі», бо яму «неабходна крыху больш палётная адлегласць».
Кампанія разглядае для маршруту і новую версію Boeing's 777, якую павінны выпусціць да 2022 года.