Расійскі журналіст: Падазраваны ў замаху на Скрыпалёў палкоўнік ГРУ Чапіга эвакуіраваў Януковіча ў Расію
01.10.2018 / 19:33
Падазраваны ў замаху на былога расійскага ваеннага разведчыка Сяргея Скрыпаля ў брытанскім Солсберы палкоўнік ГРУ Анатоль Чапіга ў 2014 годзе браў удзел у аперацыі па вывазе ў Расію экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча, паведаміў «Громадськаму» расійскі журналіст, удзельнік расследавання The Insider і Bellingcat Сяргей Канеў.
«Ён са сваім падраздзяленнем спецназа прыбыў у рэзідэнцыю Януковіча — Межыгор'е. Знаходзіўся там, ахоўваў яго. Адтуль яны транспартавалі яго ў Крым і ў Расію», — распавёў Канеў.
Паводле яго слоў, за эвакуацыю Януковіча Чапіга разам з былым ахоўнікам Пуціна Аляксеем Дзюміным (цяпер — губернатар Тульскай вобласці) атрымалі званне героя Расіі.