Ці стане БАТЭ чэмпіёнам ужо ў гэтую нядзелю? Панылота і цікавосткі дваццаць сёмага тура вышэйшай лігі
01.11.2018 / 14:11
Разам з Букмекерскай канторай Марафон працягваем сачыць за нашай вышэйшай лігай.
У сераду прайшлі разборкі топаў табліцы. БАТЭ здолеў атрымаць валявую перамогу ў Брэсце і, дзякуючы паразе «Віцебска» ў Салігорску, на 99% гарантаваў сабе чарговы тытул чэмпіёна Беларусі. Каб фактычна аформіць перамогу ў вышэйшай лізе, дастаткова будзе зарабіць хаця б адзін турнірны бал у апошніх чатырох турах.
Паразай каманды з поўначы краіны не здолела скарыстацца мінскае «Дынама». Нулявая нічыя ў Жодзіне — і чацвёрты радок табліцы, на які таксама працягваюць паляванне «Тарпеда-БелАЗ» і брэсцкае «Дынама».
Цяпер падрабязней пра гульні 27-га тура.
«Мінск» — «Гарадзея»
- 02.11 / 15:00. Стадыён ФК «Мінск»
- Каэфіцыенты: «Мінск» (перамога) — 2.30; нічыя — 3.00; «Гарадзея» (перамога) — 3.32
У папярэднім туры абедзве каманды дамагліся буйных перамог. «Мінск» з лікам 3:0 адолеў «Іслач», што дазволіла амбітнай камандзе Лухвіча падняцца на дзявяты радок табліцы.
«Цукровыя» ж дзякуючы хэт-трыку Бояна Дубаіча аформілі чацвёртую запар паразу «Смалявічаў» і першую з лета перамогу для сябе, якая амаль забяспечыла «Гарадзеі» працяг гастроляў у вышэйшай лізе на наступны год.
Паглядзім, чыя пераможная серыя працягнецца ў пятніцу.
Прагноз «НН»: перамога «Мінска».
«Віцебск» — «Дынама-Мінск»
- 03.11 / 15:00. ЦСК ФК «Віцебск»
- Каэфіцыенты: «Віцебск» (перамога) — 2.96; нічыя — 2.95; «Дынама» (перамога) — 2.55
Мінскаму «Дынама» ніяк нельга прайграваць. Параза адкіне каманду Гурэнкі яшчэ далей ад медалёў і наблізіць канкурэнтаў за чацвёрты радок, у якіх у гэтым туры даволі лёгкія супернікі.
«Дынама» не перамагло ў Жодзіне, а Сяргей Гурэнка быў вельмі незадаволены судзействам. Фота ФК «Дынама-Мінск».
У той жа час тая ж праблема і ў «Віцебска». У бітве за «срэбра» падначаленыя Ясінскага саступілі, цяпер новая бітва — за «бронзу». Перамога — шлях адкрыты, нічыя — таксама няблага, з улікам нескладаных супернікаў у апошніх трох турах, а вось параза прымусіць «Віцебск» спадзявацца не толькі на свае сілы.
Прагноз «НН»: «Віцебск» не саступіць.
«Дынама-Брэст» — «Іслач»
- 03.11 / 17:00. ДАСК «Брэсцкі»
- Каэфіцыенты: «Дынама» (перамога) — 1.30; нічыя — 5.00; «Іслач» (перамога) — 10.00
Сустрэча самай яскравай каманды нашага футбола з адной з самых бляклых.
У «Дынама» усё менш часу і магчымасцяў заскочыць у апошні еўракубкавы вагон — трэба абавязкова перамагаць «Іслач» і спадзявацца на няўдачу мінскага «Дынама» ў Віцебску.
Прагноз «НН»: «Дынама» пераможа.
«Слуцк» — «Тарпеда-Мінск»
- 04.11 / 14:00. Слуцк, стадыён «Гарадскі»
- Каэфіцыенты: «Слуцк» (перамога) — 1.67; нічыя — 3.75; «Тарпеда» (перамога) — 4.90
Букмекеры ўпэўнена вызначаюць «Слуцк» фаварытам гульні. Але не ўсё так проста: «Слуцк» прайграў апошнія пяць матчаў у чэмпіянаце і чатыры хатнія гульні. Яўгена Шыкаўку, які не забівае паўтара месяцы, абагнаў у спісе бамбардзіраў Павел Савіцкі і нагнаў Антон Матвеенка.
У папярэднім туры случчакі здолелі без шанцаў прайграць «Дняпру», які дагэтуль не ведаў перамог з красавіка.
«Тарпеда» — неблагі варыянт, каб нарэшце перарваць ганебную серыю, але разбітая псіхалагічна каманда Віталя Паўлава можа раскалоцца аб звышматываваны калектыў Уладзіміра Нявінскага, які працягвае барацьбу за выжыванне.
Прагноз «НН»: тотал меншы за 2,5.
«Дняпро» — «Тарпеда-БелАЗ»
- 04.11 / 16:00. Магілёў, стадыён «Спартак»
- Каэфіцыенты: «Дняпро» (перамога) — 6.95; нічыя — 4.00; «Тарпеда» (перамога) — 1.48
19-гадовы Арцём Канцавы становіцца новай зоркай «Дняпра». Фота ФК «Дняпро».
У «Дняпра» пасля перамогі над «Слуцкам» з'явіўся невялічкі шанец на выратаванне. Але як з'явіўся, так можа і знікнуць пасля наступнай гульні, бо жодзінцы гэтак жа проста, як случчакі, здавацца не будуць.
Прагноз «НН»: перамога «Тарпеда».
БАТЭ — «Нёман»
- 04.11 / 18:00. «Барысаў-арэна»
- Каэфіцыенты: БАТЭ (перамога) — 1.35; нічыя — 4.60; «Нёман» (перамога) — 9.00
Выдатная магчымасць для БАТЭ адсвяткаваць чэмпіёнства ў родных сценах і пераключыцца на еўракубкавыя задачы.
«Нёман» ужо, здаецца, усе задачы вырашыў — з сёмага радка каманда Ігара Кавалевіча ўжо не зрушыцца, таму чакаць подзвігаў нядзельным вечарам не варта.
Прагноз «НН»: перамога БАТЭ.
«Прамень» — «Шахцёр»
- 04.11 / 19:45. Мінск, САК «Алімпійскі»
- Каэфіцыенты: «Прамень» (перамога) — 7.20; нічыя — 4.15; «Шахцёр» (перамога) — 1.45
Каманды вырашаюць дыяметральна супрацьлеглыя задачы. «Шахцёр» вярнуў фаварыцкі статус у пагоні за «срэбрам», а «Прамень» яшчэ на адзін бал адарваўся ад зоны вылету, дагнаўшы «Смалявічы».
«Шахцёр» — галоўны прэтэндэнт на «срэбра». Фота ФК «Шахцёр».
Адарвацца яшчэ больш будзе вельмі складана, але паўтору першакругавага разгрому (у Салігорску было 0:4) ужо дакладна не будзе.
Прагноз «НН»: перамога «Шахцёра».
«Смалявічы» — «Гомель»
- 05.11 / 15:00. а/г Кастрычніцкі
- Каэфіцыенты: «Смалявічы» (перамога) — 2.82; нічыя — 2.90; «Гомель» (перамога) — 2.70
Афіша гэтай гульні была б вельмі актуальнай для Хэлаўіна. Уявіце сабе: позняя восень, працоўны дзень, аграгарадок Кастрычніцкі і гульня дзвюх каманд, якія ўжо даўно кінулі барацьбу.
Думаецца, што, калі б была магчымасць дамовіцца аб нічыёй і нікуды не ехаць, — абедзве каманды былі б не супраць. Але прыйдзецца гуляць, спадзявацца на бескампрамісную барацьбу не даводзіцца.
Прагноз «НН»: тотал меншы за 2,5.
ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА
Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах! Лічыце сябе экспертам у беларускім футболе — зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!