Суд у ЗША прызнаў неканстытуцыйнай рэформу аховы здароўя Абамы

15.12.2018 / 09:05

White House

Федэральны суддзя Рыд О'Конар у горадзе Форт-Уэрт, штат Тэхас, прызнаў неканстытуцыйным Закон аб абароне пацыентаў і даступным ахове здароўя (Patient Protection and Affordable Care Act), больш вядомы, як «Абамакер», паведамляе The Wall Street Journal. Гэты закон дэмакратамі падаваўся як галоўнае дасягненне адміністрацыі Барака Абамы, а абяцанне яго адмяніць было адным з галоўных пунктаў перадвыбарнай праграмы Дональда Трампа.

З пазовам звярнуліся ўрады 20 штатаў з рэспубліканскай большасцю, якія сцвярджалі, што адмена штрафу за адсутнасць медыцынскай страхоўкі пазбавіла сэнсу ўвесь закон. Прадстаўнікі 16 штатаў, дзе кіруюць дэмакраты, аспрэчвалі гэтае палажэннне і паабяцалі аспрэчыць рашэнне О'Конара, у тым ліку ў Вярхоўным судзе.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назваў вердыкт «выдатнай навіной для Амерыкі». «Вау, але нядзіўна, што «Абамакер» быў прызнаны неканстытуцыйным», - напісаў ён у Twitter.

Wow, but not surprisingly, ObamaCare was just ruled UNCONSTITUTIONAL by a highly respected judge in Texas. Great news for America!

— Donald J. Trump (@realDonaldTrump) 15 декабря 2018 г.