У Магілёўскай вобласці — першы выпадак каранавіруса. 33-гадовая педыятр з Крычава, мусіць, прывезла яго з Віцебска

01.04.2020 / 12:24

У Магілёўскай вобласці зарэгістраваны першы пацверджаны выпадак заражэння каранавіруснай інфекцыяй. Захварэла 33-гадовая жыхарка Крычава, якая была ў досыць працяглай камандзіроўцы ў Віцебску, паведамляе tvrmogilev.

Як паведаміла галоўная пазаштатная інфекцыяністка Магілёўскага аблвыканкама Ірына Бас, цяпер жанчына цалкам абследаваная, пераведзеная ў Магілёўскую інфекцыйную бальніцу. Яе стан стабільны, пацыентка атрымлівае неабходнае лячэнне.

Таксама спецыялісты абследавалі кантактных асоб на заражэнне каранавірусам, і ўжо атрыманыя ўсе адмоўныя вынікі. Па словах Ірыны Бас, цяпер у Крычаве праводзяцца неабходныя супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы.

Радыё Свабода ўдакладняе, што 33-гадовая жанчына — педыятр. «Два дні яна сядзела на прыёме. Забралі яе ў Магілёўскую інфекцыйную лякарню сёння ўночы. Разам з ёю забралі яшчэ аднаго чалавека».