Блогер пагуляў па натурнай пляцоўцы «Беларусьфільма». Кінастудыя: ён незаконна трапіў на вытворчы аб'ект

04.05.2020 / 17:24

Блогер koko.by апублікаваў пост пра натурную пляцоўку «Беларусьфільма». Маўляў, прыгожае месца побач са сталіцай, дзе можна пагуляць. Кінастудыя ў адказ заявіла, што ён незаконна пранік на вытворчы аб'ект, і запатрабавала выдаліць інфармацыю.

Месца, пра якое ідзе размова, знаходзіцца за 40 км ад Мінска, у ваколіцах Смалявічаў.

Тая самая натурная пляцоўка. Фота belarusfilm.by.

«Там ёсць пост КПП, але тэрыторыя не агароджаная. Ніякіх папераджальных шыльд, што тут нельга знаходзіцца, не было. Я спакойна прайшоў, мяне ніхто не выганяў», — дзеліцца блогер Павел Крамар.

Пасля той публікацыі (там былі фота і падрабязнае апісанне, як дабрацца да месца) на пляцоўку адзін за адным паехалі яго чытачы. Гэта і стала прычынай, чаму «Беларусьфільм» запатрабаваў прыбраць інфармацыю. У адваротным выпадку пагражаў штрафам за незаконнае траплянне на ахоўваны аб'ект — ад 10 да 30 базавых велічыняў.

Той допіс Павел у выніку выдаліў.

На «Беларусьфільме» каментуюць: тое, што пляцоўку не агарадзілі, яшчэ нічога не значыць. Гэта вытворчы аб'ект, а не парк для адпачынку.

«Пляцоўка мае КПП, таму гэта ахоўваная тэрыторыя. Блогер без узгаднення з намі трапіў туды, рабіў здымкі», — тлумачыць начальнік натурнай пляцоўкі Сяргей Буйніцкі. 

Ён адзначае: калі хтосьці хоча там адпачыць, можа спыніцца ў гасцініцы ці арэндаваць летні домік — за грошы. Для пастаяльцаў дазволена рыбалка, даюць мангал.

Проста прагуляцца па тэрыторыі, калі вы аказаліся праездам, усё ж такі можна. Пры ўмове, што не будзеце рабіць ніякіх фота і відэа.

«Некаторыя здымачныя групы зрабілі там дэкарацыі, але праз каранавірус не змаглі закончыць здымкі, прыедуць да нас пазней. Іх рэквізіт стаіць на пляцоўцы. Што будзе, калі яны пабачаць яго ў інтэрнэце на чужых фота?» — абураюцца на «Беларусьфільме».

НЛ