«Іваныч, выключы гэтую х…» Маць-перамаць міліцыянераў у Ганцавічах трапіла на відэа. Інтэрнэт кіпіць
21.06.2020 / 12:19
Упершыню ў гісторыі акцыі пратэсту адбыліся ў такіх малых гарадках, як Пружаны, Столін і, 20 чэрвеня, у Ганцавічах. Пратэст людзі выказвалі выключна мірна і па-еўрапейску: людзі выстраіліся ў шэраг. Рэакцыя ўладаў у Ганцавічах была звярынай. На людзей накінулася міліцыя, затрымалі 12 чалавек.
Затрыманых збівалі: пра гэта расказалі журналісты мясцовага выдання «Ганцавіцкі час», адзін з якіх сам выйшаў з РАУСа з гематомай пад вокам. Крыкі іншага затрыманага чулі пад вокнамі міліцыі яго сваякі.
Выйшаў і канфуз: маць-перамаць «ахоўнікаў правапарадку» трапіла на відэа. Мы прынцыпова не перастаўляем відэа з мацюкамі, аднак у Ютубе і тэлеграм-каналах такога абмежавання няма.
Карыстальнікі інтэрнэту кіпяць: вядома, што доўгія гады праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі сотнямі затрымлівалі і асуджалі па фальшывых абвінавачваннях у нецэнзурнай лаянцы.
Акцыі пратэсту і салідарнасці былі абсалютна мірныя і еўрапейскія. На фота: Столін (Брэсцкая вобласць).
«Паглядзіце на маральны ўзровень міліцыі», «Па якім праве арыштоўваюць мірных людзей?», «Як гэта дастала» — самыя мяккія з каментаў. У Ютубе масавасць набылі таксама заклікі да больш радыкальных метадаў пратэсту.
Ганцавічы — 14-тысячны гарадок у Брэсцкай вобласці.
Папулярнасць Ютуба і тэлеграм-каналаў цалкам змяніла інфармацыйны парадак дня ў краіне. Улады робіць стаўку на ранейшыя рэпрэсіўныя метады, але эфект ад гэтага атрымліваецца адваротны таму, які быў раней.
Увогуле, «перадвыбарная кампанія» ў Беларусі поўная нечаканасцей. Былі арыштаваныя два самыя папулярныя канкурэнты Аляксандра Лукашэнкі — Сяргей Ціханоўскі і Віктар Бабарыка. Акрамя іх, былі арыштаваныя па крымінальных справах і асуджаныя па адміністрацыйных больш за сотню іх паплечнікаў, блогераў і вядомых палітыкаў. А ў апошні дзень збору подпісаў на пікетах у розных гарадах склалі пратаколы на 270 удзельнікаў. Учора да іх дадаліся яшчэ два дзясяткі.
Назіральнікі звязваюць такую рэпрэсіўнасць з падзеннем папулярнасці Аляксандра Лукашэнкі і з тым, што ягоным канкурэнтам удалося аб'яднаць за сабой кааліцыю і праеўрапейскіх, і нацыянальна-дэмакратычных і па-прарасійску настроеных грамадзян, чаго не бывала раней. Але галоўны чыннік — стомленасць людзей 26-гадовым кіраваннем Аляксандра Лукашэнкі і эканамічным застоем.
Улады пры гэтым дэманструюць намеры правесці выбары па старых схемах. Яны абвесцілі, што ў падтрымку вылучэння Аляксандра Лукашэнкі сабралі рэкордныя 2 мільёны подпісаў, Цэнтрвыбаркам узначальвае тая самая Лідзія Ярмошына, а назіральнікам, якія і раней не мелі права правяраць падлік галасоў, забаранілі нават фатаграфаваць сяброў выбарчых камісій.