Інтэрнэт захапляецца дырэктарам сельскай школы, які «парваў загад фальсіфікаваць выбары». Дырэктар: такога не было

17.07.2020 / 13:06

У сацыяльных сетках разляцелася гісторыя пра дырэктара Палачанскай школы, які пайшоў супраць сістэмы. 

Пішуць, што па ўсіх школах Маладзечанскага раёна разаслалі разнарадку — забяспечыць яўку персанала на датэрміновыя выбары. Маўляў, дырэктары раздадуць бюлетэні і правераць, каб птушачка стаяла насупраць патрэбнага прозвішча. Ва ўсіх школах так і плануюць рабіць, апроч Палачанскай, дзе дырэктар нібыта прылюдна разарваў загад і сказаў, што людзі будуць галасаваць так, як палічаць патрэбным.

Гісторыя набрала ўжо амаль 300 перапостаў і дзясяткі захапляльных каментароў.

«Наша Ніва» звязалася з дырэктарам Палачанскай школы Паўлам Закружным. Ён абвяргае гісторыю.

Павел Закружны. Фота з сацсетак

«Яна не адпавядае рэчаіснасці. Мне людзі пераслалі допіс, але я не ведаю, што гэта за чалавек, які яго напісаў. Такога не было, ніхто нікога не збіраў. Тым больш у нашай установе адукацыі выбарчага ўчастку няма. Гэта няпраўда», — пракаментаў Павел Закружны.

НЛ