У Добрушскім раёне двое мужчын атруціліся грыбамі і памерлі

04.12.2020 / 19:11

У Добрушскім раёне двое мужчын атруціліся грыбамі паддубнікамі і памерлі. Трагедыя адбылася ў лістападзе ў пасёлку Светлы, паведамляе Дзяржкамітэт судовых экспертыз.

Мужчын знайшлі ў доме ў несвядомым стане. Медыкі, якія прыбылі на месца, канстатавалі смерць аднаго з вяскоўцаў, а другога шпіталізавалі з харчовым атручваннем, аднак выратаваць яго не ўдалося.

На стале стаяла талерка з недаедзенымі грыбамі, а ў пакоі — два трохлітровыя слоікі з кансерваванымі грыбамі, сярод якіх было шмат паддубнікаў.

Эксперты адзначаюць, што ў Беларусі існуе тры разнавіднасці паддубніка, адна з якіх вельмі атрутная і можа нанесці сур'ёзную шкоду здароўю чалавека, у ім прысутнічае мускарын — надзвычай атрутны алкалоід.

Nashaniva.com