У Гродне завялі новую крымінальную справу за абразу міліцыянера. Падазраваную затрымалі 31 снежня

05.01.2021 / 16:42

У Гародні распачалі яшчэ адну крымінальную справу. Яна скіравана супраць гарадзенкі Таццяны Кашко, справа паводле артыкула 369 КК — знявага прадстаўніка ўлады, паведамляюць праваабаронцы.

Таццяна Кашко перад Новым годам, 30 снежня, пайшла ў аддзел вырабу пашпартоў Ленінскага РАУС забраць свой новы пашпарт. Але пашпарт ёй не аддалі, а супрацоўнікі ўстановы выклікалі міліцыю, якая знаходзіцца фактычна ў тым жа будынку па вуліцы Дубко. Міліцыянеры правялі ператрус па месцы жыхарства Таццяны Кашко, забралі камп'ютар і мабільны тэлефон. Затрыманне аформілі 31 снежня. У выніку Таццяну затрымалі, яе пратрымалі 72 гадзіны, так што Новы год жанчына сустрэла ў ізалятары. Пасля трох сутак зняволення, 3 студзеня, Кашко адпусцілі. Зараз яна застаецца ў статусе падазраванай.

Таццяну Кашко вінавацяць у тым, што ў адным з тэлеграм-каналаў яна сваім допісам абразіла аднаго з міліцыянераў. Кашко адмовілася ад паслуг дзяржаўнага адваката і адмовілася даваць паказанні па справе, зыходзячы з артыкула 27 Канстытуцыі.

Паводле артыкула 369 Таццяне Кашко пагражаюць грамадскія працы, альбо штраф, альбо папраўчыя працы тэрмінам да двух гадоў, альбо арышт, альбо абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў.