Брэсцкую краму «Князь Вітаўт» аштрафавалі на 5800 рублёў. Але ўладальнік штрафам задаволены

Бо маглі даць 80 тысяч рублёў.

12.02.2021 / 10:12

Пастанову вынес мясцовы эканамічны суд па выніках праверкі падатковай інспекцыі. Пра гэта паведаміў «Радыё Рацыя» яе ўладальнік Алег Чапараў.

«Мы задаволены вынікамі суда», — кажа Алег Чапараў:

— Суд прыняў нашы доказы, што сума парушэнняў складае не амаль 80 тысяч рублёў, а ў разы менш. Суму парушэнняў нам зменшылі, яна склала 23 з невялікім тысяч рублёў, ужо ад гэтай сумы нам быў вынесены штраф, які склаў 5800 рублёў.

Нягледзячы на станоўчы для крамы варыянт развіцця падзей у судзе, у бізнэсоўцаў назапасіліся і штрафныя санкцыі па выніках іншых праверак, і таму яны просяць пра дапамогу:

— Невядома, як зараз гэта сплаціць, здолеем мы ці не. Будзем спадзявацца, што ўсе пойдуць нам на сустрэчу, пастаўшчыкі змогуць даць адтэрміноўку па аплатах сваіх тавараў. Таксама просім дапамогі і ў людзей, канешне ж.

У асартыменце «Князя Вітаўта» была нацыянальная сімволіка. Неўзабаве перад выбарамі крама пачала несці фінансавыя страты ў выніку праверак дзяржаўнымі органамі, таму са стацыянарнай кропкі ёй прыйшлося сысці ў інтэрнэт.