Генконсульства Беларусі ў Беластоку часова не прымае дакументы. Прычына — дыпламатычны скандал

У сацыяльных сетках другі дзень «гуляюць» фатаграфіі абвесткі ў консульстве Беларусі ў Беластоку, дзе сказана, што дыпведамства спыніла працу па візавых пытаннях. Прычына — у дыпламатычным скандале, у выніку якога МЗС Польшчы пяць дзён таму выслала двух беларускіх консулаў, піша Tut.by.

17.03.2021 / 15:49

Wikimedia Commons

У Польшчы Беларусь прадстаўлена трыма дыпведамствамі: у Варшаве працуе пасольства, а ў Беластоку і Бяла-Падлясцы — консульствы.

У МЗС Беларусі Tut.by растлумачылі, што пакуль праца консульства ў Беластоку сапраўды прыпыненая.

— У цяперашні час, з прычыны ўзніклых абставінаў, на некалькі дзён прыпынены прыём дакументаў у Генеральным консульстве Беларусі ў Беластоку. Беларускі бок прыкладае ўсе намаганні па больш хуткім аднаўленні нармальнай працаздольнасці консульскай установы па абароне законных правоў і інтарэсаў беларускіх грамадзян. Разлічваем, што ў найбліжэйшыя дні функцыянаванне будзе адноўлена ў неабходным аб'ёме, — распавёў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

У МЗС дадалі, што часова нейкія тэрміновыя бягучыя пытанні беларускім грамадзянам, якія знаходзяцца на пастаянным консульскім уліку ў Генеральным консульстве Беларусі ў Беластоку, можна ўдакладніць па тэлефоне +48 85 664 99 40.

Пасольства ў Варшаве і консульства ў Бяла-Падлясцы працуюць у штатным рэжыме.