Хлопец захацеў у цягніку пазнаёміцца з дзяўчынай і паслаў паведамленне пра «мініраванне»

Здарэнне адбылося днём 30 сакавіка ў дызель-цягніку Ліда — Гродна, паведамляе прэс-служба МУС.

31.03.2021 / 13:41

17-гадовай першакурсніцы ў сацсетцы прыйшло паведамленне ад незнаёмца: «Бяспека гэтага цягніка залежыць толькі ад цябе… Выбух адбудзецца праз 19 хвілін».

️Дзяўчына звярнулася да нараду суправаджэння. Цягнік спынілі, на месца выклікалі сапёрна-піратэхнічную групу. Выбухованебяспечных прадметаў не знайшлі. Затрымка руху склала крыху больш за 10 хвілін.

Хлопца ж хутка вылічылі. 17-гадовы жыхар Скідзеля знаходзіўся ў тым жа вагоне. З яго слоў, такім чынам ён хацеў пазнаёміцца са студэнткай.

Распачата крымінальная справа за загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы.