Егіпет запатрабуе мільярд даляраў за ліквідацыю затору ў Суэцкім канале

Улады Егіпта запатрабуюць выплаціць кампенсацыю ў памеры, большым за адзін мільярд даляраў, за выдаткі, панесеныя за тыдзень, на працягу якога кантэйнеравоз «Эвер Гівен» блакаваў Суэцкі канал. Пра гэта заявіў кіраўнік упраўлення Суэцкага канала Усама Рабія, піша meduza.io.

02.04.2021 / 13:31

Егіпет збіраецца запатрабаваць кампенсаваць выдаткі на выратавальную аперацыю, у якой удзельнічалі 800 чалавек, а таксама выдаткі, звязаныя са спыненнем руху па канале і страчанымі транзітнымі зборамі за тыдзень.

«Мы запытаем прыстойную суму. Мы выратавалі судна без якіх-небудзь сур'ёзных пашкоджанняў або страт», — сказаў Усама Рабія, чые словы прыводзіць CNBC. Рабія не ўдакладніў, хто павінен выплаціць кампенсацыю, але адзначыў, што ў мінулым ва ўладаў канала і суднаўладальнікаў былі добрыя адносіны.

Усама Рабія дадаў, што калі сума кампенсацыі будзе ўзгоднена, то кантэйнеравоз «Эвер Гівен», які цяпер знаходзіцца ў адным з азёр канала, зможа без праблем працягнуць рух. Калі ж справа дойдзе да суда, то «Эвер Гівен» і яго груз коштам 3,5 мільярды даляраў не змогуць пакінуць Егіпет.