Пасол ЗША: Лукашэнка не ўтрымаецца доўга, калі будзе працягваць рэпрэсіі

Аляксандр Лукашэнка наўрад ці застанецца ва ўладзе надоўга, калі працягне жорстка распраўляцца з апанентамі, заявіла ў чацвер пасол ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр, паведамляе «Голас Амерыкі».

23.04.2021 / 09:58

Джулі Фішэр са Святланай Ціханоўскай у Вільні

Яна адзначыла, што Вашынгтон занепакоены ўзмацненнем залежнасці Мінска ад Масквы на фоне масавых пратэстаў, якія пачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Фішэр сказала, што прэзідэнцтва наўрад ці будзе доўжыцца доўга, калі ён не наладзіць кантакт з беларускім народам.

«Цяжка ўявіць, што гэта можа працягвацца ў найбліжэйшай будучыні», — сказала пасол.

«Дынаміка пратэстаў змяніла давер да рэжыму ў Беларусі. Я не веру ва ўстойлівасць ўрада, які грэбуе воляй народа і так адкрыта яе ігнаруе. Мы назіраем паслабленне суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, і гэта турбуе ЗША», — сказала Фішэр.

«Мы лічым, што ў Беларусі ёсць вялізныя эканамічныя магчымасці для Захаду. Але ў цяперашніх умовах вельмі цяжка ўявіць, як іх можна рэалізаваць».